Областной турнир по греко-римской борьбе прошёл в Оболи

Молодёжь Спорт, туризм

Спартыўныя зоркі запальваюцца ў Обалі

Больш за 120 спартсменаў з Віцебскай вобласці і Маладзечна сабраў традыцыйны адкрыты абласны турнір па грэка-рымскай барацьбе, прысвечаны памяці Обальскай падпольнай камсамольскай арганізацыі «Юныя мсціўцы», які прайшоў 2-3 лістапада ў Обальскай СШ імя Героя Савецкага Саюза Зінаіды Партновай.

Турнір на гераічнай  обальскай зямлі за сваю саракагадовую гісторыю існавання стаў візітнай карткай не толькі гарадскога пасёлка, а і наогул нашага раёна. Тут пачыналі свой прафесійны шлях многія барцы. Гэта падкрэсліў на цырымоніі адкрыцця старшыня раённага Савета дэпутатаў Мікалай Буд-невіч.

Старшыня Віцебскай абласной арганізацыі ГА «Беларуская федэрацыя барацьбы» Аляксандр Арэшонак, адзначыў, што кожны турнір у Обалі – яркая старонка ў развіцці грэка-рымскай барацьбы, дзе нараджаюцца новыя імёны. На цырымоніі адкрыцця хвілінай маўчання ўшанавалі памяць аднаго з заснавальнікаў турніру трэнера Пятра Ганушчанкі, які сёлета пайшоў з жыцця.

Сёлета паядынкі адкрывалі самыя юныя барцы, вага якіх крыху больш за 20 кг. Яны ў спорце нядаўна, для іх гэта першыя спаборніцтвы. Тэхнікі ў іх малавата, затое жадання перамагаць – хоць адбаўляй. «Яны робяць свае першыя крокі ў спорце, – зазначае трэнер Шумілінскай СДЮШАР Юрый Сцяпанаў. – І тут важна падтрымаць маленькіх барцоў, знайсці патрэбныя словы як прайграўшым, так і пераможцам. Менавіта з такіх паядынкаў і нараджаюцца будучыя чэмпіёны».

Сярод вагавых катэгорый хочацца выдзеліць дзве – 29 і 47 кг. У іх на лідзіруючых пазіцыях обальскія спартсмены, якіх трэніруе Вадзім Лягчонак. У вагавой катэгорыі 29 кг першае месца ў Ягора Барсукова, другое – у Анатоля Зянькова.

«Здаецца, яшчэ ўчора сам бароўся тут. Гляджу на паядынкі брата і сябе ўспамінаю, – кажа чэмпіён Беларусі па спартакіядзе школьнікаў Мікіта Барсукоў. – Я разумею, як цяжка выходзіць на дыван перад бацькамі, сваякамі, знаёмымі.  Ягор – малайчына, справіўся з хваляваннем».

А вось выступленне спартсменаў у катэгорыі 47 кг чакалі многія, бо ў ёй выступаў Данііл Кляцкоў. І Данік, як яго называе большасць трэнераў, не падвёў: у прыгожым, нават феерычным, стылі разабраўся з усімі канкурэнтамі і пераканаўча выйграў першае месца. Аляксандр Арэшонак уручыў обальскаму спартсмену спецыяльны прыз ад Віцебскай абласной арганізацыі ГА «Беларуская федэрацыя барацьбы».

Сярод тых, хто судзіў на дыване, быў і Юрый Сцяпанаў, які са сваімі судзейскімі абавязкамі справіўся выдатна. Гэта адзначыў Аляксандр Арэшонак, уручаючы Юрыю памятны прыз.

Па традыцыі самымі шматлікімі камандамі на турніры былі обальская і шумілінская. Трэнеры Юрый Сцяпанаў і Вадзім Лягчонак выставілі самыя баявыя склады. «Хочацца, каб спартсмены адчулі атмасферу, – адзначыў Юрый Сцяпанаў. – Не ставіў задачу выйграць як мага больш першых месцаў. Галоўнае, каб выхаванцы паказалі тое, над чым трэніраваліся, каб адчулі задавальненне ад барацьбы».

На п’едэстал узняліся выхаванцы Шумілінскай СДЮШАР: першыя месцы – Ягор Барсукоў і Данііл Кляцкоў, другія – Анатоль Зянькоў, Ягор Пажарыцкі і Вячаслаў Стральцоў, трэція – Арсеній Асташонак, Захар Мацюшкоў, Ягор Голубеў, Алег Капытоў і Леў Матышаў.

На ўрачыстым закрыцці спаборніцтваў пераможцы і прызёры атрымалі кубкі, медалі і дыпломы.

Аляксандр ШЭДЗЬКО.



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *