«Над калонамі мора сцягаў…»
Як святкавалі ў Шумілінскім раёне Дзень Вялікай Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі 50 гадоў таму. У архівах рэдакцыі захоўваецца падшыўка газеты «Герой працы» за далёкі 1973 год, з якой мы дазналіся, як адзначалі шумілінцы паўстагоддзя таму галоўнае свята Савецкага Саюза.
7 лістапада выйшаў святочны нумар з плакатам «Слава КПСС» і заклікам «Са святам Вялікага Кастрычніка, дарагія таварышы!» на першай старонцы. Тут жа размешчаны артыкул сакратара РК КПБ В. Мароза «Вялікае свята працоўных» і рапарты работнікаў сельскагаспадарчых і прамысловых прадпрыемстваў аб працоўных дасягненнях. Наогул практычна ўвесь нумар прысвечаны перадавікам вытворчасці, дасягненням прадпрыемстваў і гаспадарак раёна. Тут жа надрукаваны ўспаміны франтавіка Мікалая Чарнічэнкі і партызана Сяргея Маціеўскага аб тым, як адзначалі свята Кастрычніка ў грозным 1943 годзе ў баявых умовах.
У наступным нумары газеты змешчаны рэпартажы пра святкаванне 7 лістапада ў Маскве і Мінску, дзе праходзілі абавязковыя ваенны парад і дэманстрацыя.
Аб святкаванні ў Шуміліне карэспандэнт піша: “Цэнтральная плошча гарадскога пасёлка Шуміліна ў святочным убранні. З рэпрадуктараў льюцца гукі музыкі. Да помніка Уладзіміру Ільічу Леніну ў дзень нараджэння ўлады Саветаў з самай раніцы пачалі збірацца жыхары і госці райцэнтра. А калі стрэлкі гадзінніка наблізіліся да дванаццаці, да плошчы пачалі падыходзіць калоны вучняў, рабочых і служачых устаноў і арганізацый райцэнтра.
…12 гадзін. На трыбуну ўзнімаюцца адказныя работнікі райкома партыі і райвыканкома. Мітынг, прысвечаны 56-й гадавіне Вялікай Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі, адкрывае першы намеснік старшыні райвыканкома В. Ф. Навуменка. Гучыць Гімн Савецкага Саюза. Затым слова прадастаўляецца другому сакратару райкома партыі Н. С. Сянчура.
– Ад імя і па даручэнню бюро раённага камітэта партыі і выканкома райсавета дэпутатаў працоўных, – гаворыць яна. – Дазвольце мне павіншаваць вас з вялікім, светлым і радасным святам – 56-й гадавінай Вялікай Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі.
Н. С. Сянчура расказвае аб тым шляху, які прайшоў народ Краіны Саветаў за 56 год, аб поспехах у барацьбе за пабудову камуністычнага грамадства ў нашай краіне, аб вялікай паўсядзённай барацьбе ленінскага Цэнтральнага Камітэта нашай партыі, урада, усяго савецкага народа за трывалы мір ва ўсім свеце. Дастойны ўклад у агульную справу пабудовы камуністычнага грамадства ўнеслі і працаўнікі нашага раёна, выконваючы сацыялістычныя абавязацельствы, калгаснікі і рабочыя саўгасаў датэрмінова выканалі планы продажу дзяржаве зерня і бульбы, прыкладаюць намаганні, каб паспяхова завяршыць заданне па продажу прадуктаў жывёлагадоўлі. Паспяхова выконваюць планы па вытворчасці і рэалізацыі прадукцыі завод торфаізаляцыйных вырабаў імя Даўмана, торфапрадпрыемства «Дабееўскі мох», раённае аб’яднанне «Сельгастэхніка», Дабееўскае спецаддзяленне «Сельгастэхніка» і іншыя прадпрыемствы.
Заканчвае сваё выступленне Н. С. Сянчура здравіцай у гонар Вялікага Кастрычніка, савецкага народа, нашай камуністычнай партыі. Зноў над плошчай гучаць гукі Гімна Савецкага Саюза.
Пачынаецца дэманстрацыя працоўных райцэнтра. Пад гукі марша, які выконвае аркестр, першымі па плошчы праходзяць фізкультурнікі, у 1973 годзе іх рады папоўніліся на 200 чалавек. На 250 чалавек павялічылася колькасць разраднікаў і значкістаў ГПА.
Затым ідуць калоны вучняў і настаўнікаў шумілінскіх сярэдніх школ, педагагічныя калек-тывы якіх аддаюць усе свае сілы і веды справе выхавання актыўных будаўнікоўкамунізму. Ідуць работнікі дзяржустаноў, медыкі. Калона за калонай па плошчы праходзяць калектывы раённага аб’яднання «Сельгастэхніка», чыгуначнай станцыі Шуміліна, міжкалгасбуда, раённага вузла сувязі, льнозавода, райбыткамбіната, прамкамбіната, райпо, вінзавода, перасоўных механізаваных калон № 120 і 25. Над калонамі мора сцягаў, партрэты членаў Палітбюро ЦК КПСС і Савецкага ўрада, транспаранты…».
У нумары таксама змешчаны паведамленні аб урачыстым сходзе, які прайшоў 6 лістапада ў РДК, і святочным канцэрце. Урачыстыя сходы, прымеркаваныя да 56-й гадавіны Вялікай Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі, адбыліся таксама ў Обалі, Мішневічах, Мікалаеве і іншых населеных пунктах раёна.
Фото из архива редакции «Герой працы» и Шумилинского историко-краеведческого музея