Шумилинская рок-группа «Эксперимент-12» отмечает 30-летие

Культура Мир увлечений

Трыццацігадовы эксперымент

Сёлета шумілінскаму рок-гурту «Эксперымент-12» спаўняецца 30 год

1994 год.Шумілінскія хлопцы Аляксей Іваноў, Сяргей Шчамялёў, Эдуард і Максім Крыгіны, Валерый Латковіч і Руслан Шавяка, якія заслухоўваліся творамі гуртоў «Кино», «ДДТ», «Алиса» і «Наутилус Помпилиус», вырашылі стварыць сваю ўласную групу «Эксперымент». Хаця музычная адукацыя была толькі ў паловы калектыву (Валерыя, Аляксея і Руслана), справа пайшла хутка: і музычнымі інструментамі ўсе авалодалі, і песні пачалі запісваць. Тэксты песень пісаў Аляксей Іваноў, ён жа быў і салістам. Неўзабаве музыкі запісалі свой першы альбом «Взгляд свысока». Гурт даў свой першы канцэрт у віцебскім ПТВ‑154.

У гэтым жа годзе Аляксей і Сяргей ідуць у армію, салістам і аўтарам песень становіцца Максім Крыгін.

Музыка стала больш цяжкай, да назвы гурта дадалася лічба 12. Аказалася, што ўсе жылі ў кватэрах пад такім нумарам. Неўзабаве выходзіць другі альбом «Королевство кривых зеркал», а ў 1995 годзе свет пабачыў трэці альбом «Парадокс». «Эксперымент‑12» на рок‑фестывалі «Стракаты свет» атрымаў ухвальныя словы ад лідара рок‑гурта «Алмазный фронт». Альбом «S.O.S» выйшаў пасля таго, як Максім Крыгін адслужыў у арміі. У гэты час да групы далучыўся обальскі барабаншчык Раман Юматаў.

Паціху шумілінскі рок-гурт набываў вядомасць і па-за межамі Беларусі. Пад Піцерам выступілі на двух Колпінскіх рок-фестывалях, у 1998 годзе кампазі-цыя «Провинция» трапіла ў ратацыю мясцовых тэлеканалаў Санкт-Пецярбурга, удзельнічалі ў рок-фестывалі «Прарыў» у 2011 годзе. «Эксперымент-12» у гэты час запрашаюць выступаць у піцерскіх клубах «Грибоедов», «Молоко», «City Club», «Fish Fabrigue». Менавіта ў гэтым горадзе музыкі запісалі легендарную песню «На Литейном», якая і сёння з’яўляецца візітнай карткай калектыву.

У 2003-х у гурце адбывацца значныя перамены: сыходзяць Аляксей Іваноў, Сяргей Шчамялёў і Валерый Латковіч, ім на змену прыходзяць маладыя Дзмітрый Пракопчык і Аляксандр Раманенка. Практычна адразу ў гурце здарыўся творчы канфлікт: маладыя музыкі прапаноўвалі больш цяжкае хардкораўскае гучанне, да якога ні Максім, ні Раман не былі гатовы. Як вынік, у 2005 годзе «Эксперымент-12» рас-падаецца. Праз два гады, у 2007 годзе, Максім Крыгін, Раман Юматаў, Аляксандр Раманенка і Міхаіл Жукаў адрад-зілі «Эксперымент-12», хутка да іх далучыўся і Дзмітрый Пракопчык.

– Гэты склад стаў нашым кампрамісам, – адзначае Максім Крыгін. – Гучанне стала больш гранжовым і цяжкім. Выпусцілі міні-альбом «Ещё живой…», кампазіцыі якога «Здравствуй», «Свобода на квадратном метре», «Муза» і «Ещё живой…» адразу ўпадабалі нашы слухачы.

«Эксперымент-12» выступаў на канцэртных пляцоўках з такімі вядомымі рок-калектывамі, як «Король и Шут», «Ария», «Алиса», «Тараканы», «Пилот», «7Б».

Ёсць у творчым багажы і выступленне на рок-канцэрце ў рамках «Славянскага базару». Удзельнічалі ў фестывалі ў Судаку, які быў прысвечаны 50-годдзю Віктара Цоя, папярэдне прайшлі сур’ёзны адбор у некалькі тураў. Гралі на адной сцэне з сусветнымі рок-зоркамі ў Суздалі на байк-фестывалі «На шостай перадачы».

З 2011 года «Эксперымент‑12» працуе ў раённым цэнтры культуры, у 2013‑м атрымаў званне «народнага». Увесь час гурт трымае высокую марку: так, напрыклад, на абласным фестывалі «ВІАтон», які праходзіць адзін раз у два гады ў розных гарадах Віцебшчыны, сталі лаўрэатамі ўсіх прызавых месцаў і ўладальнікамі Гран‑пры, летась – другімі на фестывалі «Купала‑фэст», арганізаваным Віцебскай абласной філармоніяй.

У 2020 годзе музыкі парадавалі сваіх прыхільнікаў паўнавартасным альбомам «Навигатор». Адна з найбольш яркіх кампазіцый – «Когда я напишу сногсшибательный хит». Лідар гурта Максім Крыгін у жартоўнай форме сказаў сваім прыхільнікам, што рок, а разам з ім «Эксперымент-12», жывы і будзе радаваць новымі хітамі.

Сёння ў гурце чатыры музыкі: Дзмітрый Пракопчык (гітара), Раман Юматаў (барабаны), Юрый Яроменак (бас-гітара) і Максім Крыгін (вакал). Яны працягваюць збірацца на рэпетыцыі кожны тыдзень і не ўяўляюць свайго жыцця без музыкі. І – самае галоўнае – імкнуцца ісці ў поруч з выклікамі часу: у гурта ёсць сайт (www.exp12.by), актыўнавядуцца старонкі ва ўсіх сацыяльных сетках і інтэрнэт-радыё «Эксперымент-12». Працягваюць эксперыментаваць са сваімі выступленнямі – напрыклад, у 2023 годзе ў РЦК прэзентавалі ваенную праграму «Мы перамаглі».

Бліжэйшае выступленне «Эксперымента-12» пройдзе 8 лістапада ў 18.00. На сцэне раённага цэнтра культуры музыкі прэзентуюць юбілейную праграму «ХХХ год», на якой прагучаць як вядомыя хіты гурта, так і навінкі.

А прэм’ера кампазіцыі «Разлука» адбудзецца на афіцыйных старонках «Герой працы» ў сацыяльных сетках і месенджарах на наступным тыдні. Сачыце за публікацыямі.

Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Фота прадастаўлены рок‑гуртом «Эксперымент‑12».

 



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *