В преддверии новогодних праздников в Инстаграм активизировались мошенники и фальшивые интернет-магазины

Безопасность Происшествия

Учора – арэлі, заўтра – ёлкі і гірлянды

Сёння пакупкі праз інтэрнэт – абыдзенная справа. Тут і буйныя гандлёвыя інтэрнэт-пляцоўкі і інтэрнэт-крамы, і проста рэкламныя акаунты і абвесткі ў сацыяльных сетках.

Апошнім часам у поле зроку праваахоўных органаў трапляюць падманутыя карыстальнікі сацыяльнай сеткі Інстаграм. Са старонак фейкавых магазінаў прапаноўваюць самыя розныя тавары – выдатнай якасці і па цане, якая значна ніжэй, чым у іншых. Прычым, ашуканцы працуюць аператыўна і з фантазіяй: хутка свята – калі ласка, падарунак знойдзеце ў нас, ці, скажам, пачаўся дачны сезон – процьма самых выгадных прапаноў. І абавязковая ўмова – папярэдняя аплата за тавар. У выніку ні тавару, ні грошай, а ашуканыя ідуць за дапамогай у праваахоўныя органы.

Падобныя справы расследуюцца і ў Шумілінскім раённым аддзеле Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь. «Жыхарка раёна ўбачыла ў Інстаграме рэкламу садовых арэляў, – расказвае старшы следчы райаддзела Сняжана Карпава. – Магазін прапаноўваў якасныя арэлі па даволі выгаднай цане. Жанчына адправіла ім паведамленне. Ёй адказалі, што працуюць па папярэдняй аплаце і адправілі рахунак, на які трэба перавесці грошы. Жанчына перавяла ім 500 рублёў. Тыдзень яна перапісвалася з прадаўцом, які запэўніваў, што ў пэўны дзень абавязкова адправіць арэлі. А праз тыдзень старонка ў Інстаграме была выдалена. Затое з’явілася новая, на якой прапаноўвалі тыя ж самыя арэлі».

Падчас следства высветлілася, што грошы былі пераведзены на падстаўны банкаўскі рахунак і адразу ж адпраўлены на трох падстаўных асоб. «У рэшце рэшт яны дойдуць да гаспадара, які арганізаваў фальшывы інтэрнэт-магазін, – працягвае Сняжана Карпава. – Згодна з заканадаўствам махляр можа пазбавіцца волі тэрмінам да трох год».

– Наперадзе навагоднія і калядныя святы, – звяртаецца да жыхароў раёна начальнік раённага аддзела Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь Яўген Іваноў. – І ужо зараз са старонак фейкавых магазінаў у Інстаграме вам пра-паноўваюцца ёлкі самых розных памераў і розных колераў, гірлянды звычайныя і разумныя, іншыя святочныя прыналежнасці па вельмі прывабных цэнах. Не вядзіцеся на аферы ашуканцаў, правярайце старонкі, улічвайце колькасць пастоў на іх. Звяртайце ўвагу, калі на старонцы магазіна ў Інстаграм усяго толькі пару пастоў, якія з’явіліся зусім нядаўна, то хутчэй за ўсё гэта старонка ашуканцаў. Калі вам прапаноўваюць папярэднюю аплату за тавар, то лепш адразу прыпыніць усе стасункі з прадаўцом. А яшчэ лепш набываць тавары на правераных інтэрнэт-пляцоўках. Не азмрочце сабе і сваім блізкім навагоднія святы неабдуманымі пакупкамі ў фейкавых прадаўцоў.

Аляксандр ШЭДЗЬКО.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *