Новы БПМ, выплата падаткаў і вялікія выхадныя: якія змены чакаюць беларусаў з 1 лістапада
Апошні месяц восені прынясе беларусам шэраг навацый: некаторыя звязаны з фінансамі накшталт змены БПМ і, як вынік, карэкціроўка пенсій і дапамог, выплата маёмасных падаткаў, іншыя – з вольным часам: беларусаў чакаюць вялікія выхадныя.
Зменіцца БПМ. Бюджэт пражытачнага мінімуму (БПМ) у сярэднім на душу насельніцтва павялічыцца з 1 лістапада ў адносінах да дзеючай у кастрычніку велічыні на 1,1%. Бліжэйшыя тры месяцы БПМ складзе 437 руб. 80 кап.
Павысяцца пенсіі і дапамогі. Адзначым, што з бюджэтам пражытачнага мінімуму карэлюе шэраг іншых выплат – дапамог і пенсій, якія выплачваюцца парадзіхам, сем’ям з дзецьмі, пенсіянерам і ў выпадку страты карміцеля. Да прыкладу, пры нараджэнні першынца маме выплацяць адначасова 4378 руб. Калі гэта будзе другое або наступнае дзіця ў сям’і, то выплата складзе 6129 руб. 20 кап. Дзіцячая дапамога, якую атрымліваюць сем’і на дзяцей ад 3 гадоў да 18 гадоў у перыяд выхавання малых да 3 гадоў, вырасце з 1 лістапада да 218 руб. 90 кап. Варта падрыхтавацца і да павелічэння сацыяльных пенсій, «узроставых» даплат да іх, дапамог па доглядзе за інвалідам I групы або асобы, якая дасягнула 80 гадоў, пенсій па страце карміцеля.
Заплаціць падаткі да 15 лістапада. Паведамленні пра адзіны маёмасны плацеж падатко-вая інспекцыя пачала рассылаць яшчэ ў жніўні, заклікаючы хутчэй выплаціць падаткі. Плаціць падаткі можна любым зручным спосабам: праз сэрвіс «Асабісты кабінет плацельшчыка», праз АРІП, у аддзяленнях банкаў або на пошце – галоўнае, не прапусціць дату 15 лістапада, да якой трэба ўнесці ўсю суму.
Новае ў платнай медыцыне. Міністэрства аховы здароўя пачне рэгуляваць тарыфы на кансультацыі ўрачоў. З 1 лістапада ў пералік платных медпаслуг, тарыфы на якія рэгулююцца, дададуць прыёмы (кансультацыі) ва ўрачоў-спецыялістаў. У гэты спіс таксама ўваходзяць стаматалагічныя паслугі, дыягнастычныя (лабараторная, прамянёвая, ультрагукавая, функцыянальная і эндаскапічная дыягностыка), медагляд для атрымання даведкі вадзіцелям.
Ура, вялікія выхадныя. З 7 па 10 лістапада ў Беларусі будуць выхаднымі. Апошнія ў гэтым годзе чатыры дні адпачынку запар. Праўда, адзін з выхадных, 8 лістапада (пятніца), прыйдзецца адпрацаваць у суботу, 16-га чысла.
Мяняюцца правілы для таксістаў. З 1 лістапада перавозчыкі, якія не зарэгістраваліся ў рэестры аўтамабільных перавозак пасажыраў у нерэгулярных зносінах, не змогуць працаваць на законных падставах.
Падаражэюць некаторыя маркі цыгарэт. У Беларусі вытворцы і пастаўшчыкі цыгарэт надзелены правам пераглядаць кошт сваёй прадукцыі штомесяц. З лістапада ў краіне падаражэюць 9 марак цыгарэт, адны, з серыі Camel – на 10 капеек, другія (Pall Mall, Dunhill Fine) – на 20.
Дапамога на пахаваннепаменшыцца на 27 руб. Гэты від падтрымкі дзяржавай насельніцтва ў выпадку наступлення жалобных падзей не залежыць ад памеру БПМ. Велічыня дапамогі на пахаванне пераглядаецца штомесяц і звязана з сярэднім заробкам па краіне. Як паведаміў Белстат, намінальная налічаная сярэдняя зарплата работнікаў у Беларусі ў верасні склала 2 тыс. 313 руб. 9 кап. Сума аказалася меншай за жнівеньскі заробак на 27 руб. 30 кап.
Падрыхтавала Алена КАРПУШЭНКА.