Моладзь – на варце спакою шумілінцаў
Раённы аддзел унутраных спраў папоўніўся маладымі кадрамі. Сюды прыйшлі працаваць Максім Васільеў і Вячаслаў Васілеўскі.
Абодва – жыхары райцэнтра, закончылі СШ № 1, бралі накіраванне ад РАУС на вучобу, працуюць оперупаўнаважанымі крымінальнага вышуку. Толькі Максім Васільеў вучыўся ў Акадэміі МУС у Мінску, а Вячаслаў Васілеўскі – у інстытуце МУС у Магілёве.
Хлопцы ў мінулым годзе праходзілі практыку ў РАУС, пазнаёміліся з калектывам і практычнай работай. І з нецярпеннем чакалі заканчэння вучобы, каб самастойна пачаць працаваць, расследаваць злачынствы, выяўляць правапарушальнікаў. За маладымі спецыялістамі, як і належыць, замацаваны настаўнік – старшы оперупаўнаважаны Аляксей Буракевіч, які мае багаты вопыт і высокі прафесійны ўзровень. Максіму парады дае і бацька Віктар Іванавіч, які працаваў міліцыянерам у службе аховы МУС.
Маладыя супрацоўнікі РАУС, акрамя асноўнай работы, выступаюць перад старшакласнікамі, расказваюць пра льготы і гарантыі, якія дзяржава прадастаўляе супрацоўнікам міліцыі. «Бонусаў шмат: бясплатнае пражыванне, абмундзіраванне і харчаванне, заняткі па інтарэсах.
Я, напрыклад, займаўся рукапашным боем, – расказаў Максім Васільеў. – У курсантаў добрая стыпендыя. У мяне, напрыклад, была 700 рублёў. Плюс кармленне бясплатнае. Так можна было і грошай накапіць».
Кіраўніцтва РАУС маладымі супрацоўнікамі задаволена. Бачна, што яны жадаюць спасцігаць новае, фізічна моцныя, актыўныя. Нядаўна Максім Васільеў заняў другое месца ў конкурсе прафесійнага майстэрства сярод 30 маладых супрацоўнікаў падраздзяленняў і службаў МУС Віцебскай вобласці.
Ларыса ЗАЙЦАВА.