«Годнай вам службы, хлопцы!»
Працягваецца адпраўка навабранцаў ва Узброеныя Сілы Рэспублікі Беларусі. Як паведаміў начальнік адасобленай групы Шумілінскага раёна ваеннага камісарыята Бешанковіцкага і Шумілінскага раёнаў Андрэй Собін, адпраўкі на Шуміліншчыне пачаліся 22 кастрычніка: Вячаслаў Аляксееў пайшоў служыць у 103-ю асобную гвардзейскую паветрана-дэсантную брыгаду.
25 кастрычніка з Шуміліна адпраўлялі чацвёра хлопцаў: Антон Кудзянаў будзе служыць у пагранічных войсках, Вадзім Андрэеў, Ягор Зянькоў і Уладзімір Масько накіроўваліся ў вучэбны цэнтр у Печы. Раніцай шматлюдна было каля ваенкамата: праводзілі юнакоў у армію бацькі, дзядулі і бабулі, сваякі, знаёмыя.
Пакуль хлопцы афармлялі апошнія дакументы, паразмаўлялі з маці Антона Кудзянава Вольгай Барабанавай: “Гэта выбар сына. Антон задаволены, што трапіў у пагранічнікі, прайшоў сур’ёзны папярэдні адбор”.
«Годнай вам службы, – пажадаў перад адпраўкай на абласны зборны пункт Андрэй Собін. – У вас пачынаецца новы мужчынскі этап жыцця, упэўнены, што ўсё ў вас атрымаецца».
Пасля праходжання курса маладога байца новае папаўненне Узброеных Сіл 23 лістапада прыме Ваенную прысягу.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.