Восенню ўзарэш — вясной як знойдзеш
Сельгаспрадпрыемствы раёна прыступілі да ўздыму зябліва. Работы запланавана правесці на плошчы 8 тысяч гектараў. На раніцу 28 кастрычніка па раёне было ўзнята 1599 гектараў (20% да плана) зябліва.
Аднымі з першых да асенняга ворыва прыступілі механізатары ААТ «АграБаравінка». Ва ўрочышчы Лажок мы заспелі за работай механізатараў Івана Шумскага і Сяргея Трошына. Іх вельмі хваліў за плённую работу дырэктар сельгаспрадпрыемства Яўген Мурашка – механізатары ўзаралі для сяўбы азімых культур каля тысячы гектараў. А больш за тыдзень таму прыступілі да другога этапа ворыва.
«Пераворваем поле, дзе летам рос рапс. Плугі ідуць добра! – расказалі Іван і Сяргей. – Усяго згодна з планам трэба ўзняць зябліва на 900 гектарах. Восенню ўзарэш – вясной як знойдзеш!». Іван Шумскі працуе з сямікорпуснымі плугамі і паспявае за дзень узараць да 15 гектараў глебы (дзённы план – 9 га). За трактарам Сяргея Трошына ідуць чатырохкор-пусныя плугі. Ён таксама перавыконвае даведзеную норму – пры плане 6,5 га ўздымае да 10 га.
На ўчарашні дзень у «АграБаравінцы» было ўзнята 241 га зябліва (26,8%).
Ларыса ЗАЙЦАВА.