Клопат пра здароўе – клопат грамадзян
Сёлетнія мерапрыемствы па прызыве прайшлі ў новым фармаце, бо ў красавіку гэтага года былі ўнесены змяненні ў Закон аб воінскім абавязку і воінскай службе. Вялікія змены закранулі правядзенне медыцынскага агляду. Мы папрасілі спецыялістаў, якія маюць непасрэднае дачыненне да мерапрыемстваў прызыву, расказаць падрабязна пра новаўвядзенні.
Андрэй СОБІН, начальнік адасобленай групы Шумілінскага раёна ва-еннага камісарыята Бешанковіцкага і Шумілінскага раёна:
– Так, грамадзяне, якія падлягаюць прызыву на тэрміновую ваенную службу, службу ў рэзерве, цяпер праходзяць у ваенным камісарыяце толькі (!) медыцынскае засведчанне, і ў той жа дзень медыкі выносяць заключэнне аб ступені іх прыдатнасці. Раней па выніках праведзенага медагляду прызыўніка маглі накіраваць на дадатковае абследаванне. Заключэнне можа быць перагледжана па заяве прызыўнiка, калi ён прадаставiць дадатковыя дакументы. Такі падыход, на мой погляд, абсалютна правільны, бо, як адзначана ў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, клопат пра здароўе – абавязак кожнага грамадзяніна краіны.
Ганна МАРОЗ, старшы ўрач прызыўной камісіі:
– Сапраўды, зараз прызыўная камісія не праводзіць медабследаванне. Але гэта не значыць, што, напрыклад, хворага прызыўніка прызыўная камісія адправіць у армію. Юнакі ў 17 год становяцца на ўлік і праходзяць паглыбленае медыцынскае абследаванне. Наогул, пачынаючы з дзіцячага сада, дзеці штогод праходзяць медкамісію, у школе такі ж падыход. Усе дарослыя грамадзяне штогод праходзяць дыспансерызацыю, па выніках якой і ўстанаўліваецца ўзровень здароўя. Так што сітуацыя, калі прызыўніка з храніч-нымі захворваннямі накіруюць, скажам, у дэсантнікі, поўнасцю выключана.
Аляксандр ШЭДЗЬКО
!ПАРАДА ПРЫЗЫЎНІКАМ: Ёсць пытанні па здароўі – не чакайце, калі запросяць на медагляд. Звяртайцеся ў паліклініку па месцы жыхарства, праходзьце патрэбныя абследаванні, каб потым прадаставіць неабходныя пацвярджальныя дакументы. Помніце пра тое, што заключэнні павінны быць выдадзены дзяржаўнымі ўстановамі аховы здароўя.