Экскурсія ў Казьянскі заказнік
З прыродай трэба зжыцца, каб увабраць у сябе яе сілу, дакрануцца да яе цудоўных таямніц, спазнаць глыбіню яе шчодрасці і зрадніцца з ёю.
У Суравенскай школе настаўнікі і вучні, жывучы на тэрыторыі Казьянскага заказніка, пастаянна дакранаюцца да ўсяго жывога: дрэў, птушак, раслін. Ахоўваюць усё гэтае, збіраюць даныя. Стварылі нават свой музей. І вось нядаўна нам, ветэранам, членам раённай арганізацыі “Ахова птушак Бацькаўшчыны” пашчасціла пабываць тут на экскурсіі. Мерапрыемства было арганізавана ў рамках дзеючага праекта “Птушкам усе ўзросты пакорныя” (кіраўнік Іна Сінкевіч) па ініцыятыве старшыні раённай ветэранскай арганізацыі К. Ф. Палоўнікавай.
Шчыра прызнацца, экскурсія па Казьянскім заказніку ўразіла. Наведванне дубовай алеі, якой тры стагоддзі, прынесла ў нашы сэрцы невытлумачальную радасць. Багаты матэрыял назапашаны ў мясцовым музеі. Зараз тут пяць экспазіцый: этнаграфічная, баявой славы, экалагічная, пра дзейнасць школы і піянерскай арганізацыі з 1952 года, пра жыццё знакамітых землякоў.
Як аказалася, не абавязкова ехаць на экскурсію за ўражаннямі за сотні кіламетраў. Прыгожае і цікавае ёсць і побач, трэба толькі захацець пабачыць гэта.
Калектыў ветэранаў, члены раённай арганізацыі ГА АПБ.
Па дарогах роднай Беларусі
Члены грамадскай арганізацыі “Беларускае таварыства інвалідаў” вырашылі зноў адправіцца ў падарожжа па дарогах роднай Беларусі. На гэты раз мы наведалі комплекс-помнік “Хатынь”. Сэрца шчаміла і слёзы цяклі, калі мы праходзілі ля стэл-помнікаў, пад ціхія званы, рад за радам, і чыталі назвы спаленых фашыстамі вёсак…
Далей наш шлях пралягаў да невялікага беларускага горада Лагойск. Там мы наведалі Свята-Мікалаеўскі праваслаўны храм. Мелі магчымасць пакланіцца святым мясцінам, паглядзець на цуд: прама з-пад будынка храма выцякае святая крынічка. Вада ў крыніцы чыстая, празрыстая і вельмі халодная. Збудаваны дзве купелі для выканання абраду абмывання. Некаторыя з нас яго выканалі. І, верыце, пасля купання было пачуццё цеплыні і энергіі ва ўсім целе.
Ехалі дадому задаволеныя і вельмі ўдзячныя за арганізацыю цікавай паездкі старшыні нашай арганізацыі Л. М. Нагібавай, кіраўніцтву аддзела адукацыі за прадастаўлены транспарт, вадзіцелю аўтобуса і ўсім, хто дапамагае нашай арганізацыі.
Т. ЗУЕВА, пенсіянерка, член раённай арганізацыі “Беларускае таварыства інвалідаў”.
Надрукавана ў №70 ад 05.09.2012