Старшыня райвыканкама Сяргей Галынчык: «Стварайце, ідзіце наперад, перамагайце!»
Сустрэча кіраўніцтва раёна з маладымі спецыялістамі прайшла 23 кастрычніка ў Шумілінскім раёне.
У вялікую залу райвыканкама запрасілі тых, хто зусім нядаўна крочыў на працоўную дарогу. Сёлета ў раён прыехалі на сваё першае месца работы 70 маладых спецыялістаў. Новымі перспектыўнымі кадрамі папоўніліся сельская і лясная гаспадаркі, ахова здароўя, адукацыя, будаўнічая галіна і шэраг іншых сфер дзейнасці. Большасць маладых спецыялістаў прысутнічала на сустрэчы.
Цёпла і шчыра віталі моладзь старшыня райвыканкама Сяргей Галынчык, дэпутат Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў па Шумілінскай выбарчай акрузе № 52 Міхаіл Вішнявецкі, начальнік аддзела арганізацыйна-кадравай ра-боты райвыканкама Галіна Каралёва, галоўны спецыяліст райвыканкама Дзяніс Пячко, які 7 гадоў таму таксама пачынаў на Шуміліншчыне працоўную дзейнасць у статусе маладога спецыяліста, малады спецыяліст 2023 года настаўнік Шумілінскай СШ № 1 Аляксандра Далецкая.
«Наступіў новы этап у вашым жыцці: вы сталі спецыялістамі, перад якімі адкрылася дарога да прафесійнага кар’ернага росту, дарога, на якой давядзецца пераадолець нямала цяжкасцей, рашыць шмат задач. Але няхай вас гэта не пужае, – заўважыў кіраўнік раёна Сяргей Галынчык, звяртаючыся да маладых. – Прыкладам таго, у што ў вас усё атрымаецца, служыць прафесійная дзейнасць вашых калег, бацькоў, старэйшага пакалення. І мы спадзяемся, што наш Шумілінскі раён стане для ўсіх вас не толькі месцам атрымання першага працоўнага вопыту, але і месцам, дзе пройдуць вашы самыя плённыя гады прафесійнага станаўлення. Стварайце, ідзіце наперад, перамагайце!».
Старшыня райвыканкама запэўніў герояў сустрэчы, што ўлады заўсёды будуць вітаць ініцыятыву і кожны добры пачын, падтрымка заўсёды будзе побач, толькі ніколі не трэба саромецца звяртацца. Маладыя спецыялісты мелі магчымасць задаць кіраўніцтву раёна пытанні, якія іх цікавяць ці хвалююць.
Па заканчэнні афіцыйнай часткі, агульнага здымка на памяць маладыя спецыялісты разам з кіраўніцтвам раёна накіраваліся на брацкія могілкі для ўскладання кветак. Потым маладым спецыялістам прапанавалі пазнаёміцца з Шумілінскай СШ № 1 і Шумілінскім гісторыка-краязнаўчым музеем – тым самым юнакі і дзяўчаты больш даведаліся пра раён і яго славутасці.
У працяг мерапрыемства ўсіх запрасілі ў раённы цэнтр культуры на забаўляльную праграму, каб у тым ліку пазнаёміць моладзь з грамадскім жыццём раёна. Удзел у сустрэчы прынялі лідары раённых грамадскіх арганізацый «Белая Русь» Ірына Шалахава, БРСМ Вікторыя Бяляева, «Беларускі саюз жанчын» Наталля Крыўко, райкама прафсаюзаў работнікаў АПК Вольга Пусянкова.
З культурным жыццём раёна, работай творчых калектываў і гурткоў моладзь пазнаёміла рэжысёр народнага тэатра РЦК Таццяна Багданава. Цікавыя гульні, карысная інфармацыя, шчырыя стасункі, цёплая атмасфера –арганізатары паклапаціліся, каб сустрэча прайшла максімальна эфектыўна і вынікова.
Наогул, дзякуючы такім мерапрыемствам удаецца наладзіць канструктыўны дыялог паміж уладай і маладымі спецыялістамі, унікнуць і лепш зразумець праблемы, дапамагчы пераадолець цяжкасці. Сустрэча дала наваспечаным маладым работнікам цудоўную магчымасць пазнаёміцца з раёнам і яго патэнцыялам, атрымаць ад кіраўніцтва раёна адказы на хвалюючыя пытанні, пазнаёміцца адзін з адным і наладзіць сяброўства.
Алена КАРПУШЭНКА.