Дарогі, якія мы даглядаем
Пра здабыткі і планы прадпрыемства гутарым з кіраўніком галоўнай раённай дарожнай службы начальнікам ДРБУ‑204 Уладзімірам РАМАНАВЫМ.
Сёлета ў раёне прагрэйдзіравана 860 кіламетраў мясцовых грунтавых і гравійных дарог, заасфальтавана – 28,7 кіламетра, праведзены ямкавы рамонт на 8 тысячах квадратных метрах, абкошана 500 кіламетраў абочын, адрамантавана амаль10 тысяч метраў квадратных дваровых тэрыторый. Гэта заслуга работнікаў ДРБУ‑204, якія ў апошнюю нядзелю кастрычніка адзначаюць сваё прафесійнае свята.
– Уладзімір Пятровіч, з якімі паказчыкамі калектыў падышоў да свайго прафесійнага свята?
– Год для прадпрыемства быў удалым у фінансавым плане. Мы спрацавалі рэнтабельна. Рост выручкі да ўзроўню мінулага года склаў 198%. На працягу года мы адчувалі значную дзяржаўную падтрымку. Так, за студзень-верасень з абласнога бюджэту на ўтрыманне дарог было выдзелена 1 мільён 46 тысяч рублёў.
– Якія работы былі праведзены за гэтыя сродкі?
– Праведзены ямкавы рамонт на 8 тысячах квадратных метрах, прагрэйдзіравана 860 кіламетраў грунтавых і гравійных дарог, абкошана 500 кіламетра абочын. Паралельна праводзілі і бягучыя рамонты дарог. Фінансаванне на гэтыя мэты было таксама ў два з паловай раза больш, чым летась. Выдзелена 7 мільёнаў рублёў з трох крыніц – Рэспубліканскага дарожнага фонду, абласнога бюджэту і міжбюджэтнага трансферту. Грошы патрацілі на рамонт асфальтаванага і гравійнага пакрыц-ця – давялі да ладу 28,7 кіламетра дарог, што ў два разы больш, чым летась.
Часткова заасфальтавалі дарогі Бешанковічы-Шуміліна-Сураўні, Обаль-Полацк, Віцебск-Сіроціна, Обаль-Лявонава-Мішкавічы-Ляжні і інш. Хочацца адзначыць, што ў некаторых населеных пунктах, дзе асфальтавае пакрыццё ў свой час было пераведзена ў гравійнае, мы зноў кладзём асфальт. Такія работы праведзены да пантоннага моста ў Бешанковічах, у Заобалі, па вуліцы Лясной у Ляжнях. Зараз кладзём асфальт у вёсцы Бондарава. Праведзены рамонт гравійнага пакрыцця паміж Мішкавічамі і Ізгародзішчам.
– А за дваровыя тэрыторыі таксама вы адказваеце?
– З абласнога і раённага бюджэтаў на рамонт дваровых тэрыторый выдзелена 350 тыс. руб. Работнікі дарожнай службы адрамантавалі 9213 метраў квадратных двароў у Шуміліне, Обалі, аграгарадках Башні і Светласельскі.
– Каб справіцца з такімі аб’ёмамі работ, патрэбны не толькі грошы, а ў першую чаргу людзі і тэхніка.
– Я вельмі ўдзячны свайму калектыву за зладжаную і эфектыўную работу. Тымі ж сіламі, што і летась, мы зрабілі ў два разы больш. Сёння мы гатовы прыняць у свой згуртаваны калектыў машыністаў экскаватара, аўтагрэйдарыстаў і бульдазерыстаў – жадаючых адправім на курсы. Радуе, што сёлета ўдалося пабагацець і на тэхніку: за ўласныя сродкі купілі грузапасажырскі аўтамабіль “Газэль” для падвозу людзей на аб’ек-ты, цэнтралізавана набылі МАЗ-дваццацітоннік, да якога плануем купіць раскідвальнік пяску. У планах – узяць у лізінг прычэп для перавозкі дарожна-будаўнічай тэхнікі.
– У вас ёсць магчымасць павіншаваць з прафесійным святам свой калектыў. Чаго хочацца пажадаць?
– Усім работнікам – здароўя, дабрабыту і поспехаў, а прадпрыемству – рэнтабельнай работы, новай тэхнікі і кадраў.
Транспартны ўчастак
Транспартны ўчастак – самы вялікі ў ДРБУ‑204. Тут працуюць спецыялісты сваёй справы, у большасці якіх за плячыма стаж па тры дзесяцігоддзі. Разам з тым ёсць і маладыя вадзіцелі, за якімі замацаваны настаўнікі – у іх пераймаюць прафесійны вопыт.
Амаль кожны вадзіцеляў транспартнага ўчастка ў адказе за некалькі адзінак тэхнікі. Напрыклад, зімой працуюць на аўтагрэйдары, а летам падчас рамонту дарог – на катку.
Інжынерна-тэхнічныя работнікі
Інжынеры, бухгалтары, эканамісты, работнікі аддзела кадраў – важнае звяно прадпрыемства. Яны аналізуюць, плануюць і робяць прагнозы на бліжэйшую пяцігодку, з якімі тэмпамі будзе развівацца прадпрыемства.
Дарожныя рабочыя
За ямкавы рамонт, асфальтаванне дарог, устаноўку дарожных знакаў адказваюць дарожныя рабочыя на чале з майстрамі Аляксандрам Ляўшой, Дзмітрыем Марозавым (Шуміліна) і Аляксандрам Уласавым (Обаль). Брыгады дарожных рабочых высякаюць кусты, фарбуюць аўтапавільёны і масты, абкошваюць іх, займаюцца ўкладкай пліткі і ўстаноўкай бардзюрнага каменю.
Рэкорды асфальтавага завода
Сёлета за апошнія два дзесяцігоддзі работнікі асфальтабетоннага завода ў Любічах выпусцілі максімальную колькасць прадукцыі – 21 тысячу тон. Уся асфальтабетонная сумесь пайшла на рамонт дарог. Асфальтавы завод запусцілі з ранняй вясны, ён будзе працаваць да маразоў. Прадукцыйнасць завода за дзень складае да 300 тон асфальтабетоннай сумесі.