Касілкам месца ў арачніках
Большасць палявых работ ужо завершана, і тэхніку, якая не запатрабавана, варта ставіць на зімовае захоўванне. Гэта работа актыўна вядзецца ў КУСГП “Ульскі” і СУП “Лаўжанскае”, расказаў начальнік райсельгасхарчу Уладзімір Пушноў.
Карэспандэнт раённай газеты сустрэлася на мехдвары КУСГП «Ульскі» з галоўным інжынерам сельгаспрадпрыемства Барысам Барысевічам, механізатарамі і слесарамі. «Тэхніку на зімовае захоўванне ставім паэтапна, – расказаў Барыс Іосіфавіч. – Першымі ў арачнікі паставілі касілкі і граблі, бо імі ўжо не карыстаемся. Падрыхтавалі “да зімовай спячкі” прэс-падборшчык. Прыступілі да чысткі камбайнаў: прывялі ў парадак жняяркі і рэшаты, змазалі ланцугі, вузлы і агрэгаты. Аслабілі прывадныя рамяні, каб зняць нагрузку на тэхніку. Камбайны паехалі на базу захоўвання – у арачнікі ў Лявонава».
Зараз механізатары рыхтуюць на захоўванне трактары, не занятыя на палетках і ў жывёлагадоўлі, пасяўныя і прычапныя агрэгаты. Пры неабходнасці заадно і рамантуюць тэхніку. Незамянімы памочнік – Сяргей Шавяка, які тут і за зваршчыка, і за слесара, пры неабходнасці садзіцца і за руль МТЗ.
Ларыса ЗАЙЦАВА.