Тут будзе аддзяленне сястрынскага догляду
На першым паверсе райбальніцы (на месцы дзіцячага аддзялення) ідзе рамонт. Рыхтуецца аддзяленне сястрынскага догляду на 32 месцы.
Па словах галоўнага ўрача Шумілінскай ЦРБ Святланы Лінкевіч, людзі з абмежаванымі магчымасцямі, якія маюць патрэбу ў сястрынскім доглядзе, будуць мець магчымасць знаходзіцца тут на працягу 180 дзён за год. З абласнога бюджэту на рамонт выдзелена 550 тысяч рублёў, з раённага бюджэту на набыццё мэблі – 70 тысяч.
Святлана Уладзіміраўна правяла экскурсію па калідоры і палатах. «Працуем у райбальніцы больш за месяц, – расказаў майстар ТАА «ВенБуд» Юрый Гайдук. – Дэмантаж старога абсталявання і пліткі выканалі рабочыя райбальніцы, усё астатняе – наш клопат. Мы правялі новую электраправодку, у душавых выклалі сцены пліткай, ва ўсе палаты правялі ваду, зараз ідзе мантаж сантэхнікі і пажарнай сігналізацыі. Закончыць рамонт мяркуем да лістапада».
У аддзяленні сястрынскага догляду прадугледжана нямала зручнасцяў для пацыентаў: аўтаматызаваныя пад’ёмнікі, безбар’ернае асяроддзе, зона адпачынку, прасторныя душавыя. Прадуманы і пакой прыёму ежы для персаналу. Да слова, на яго абсталяванне з абласнога галіновага прафсаюза выдзелена 5 тысяч рублёў. Тут будуць устаноўлены стол, канапа, халадзільнік, мікрахвалевая печка, кухонныя шафы.
Ларыса КІСЯЛЁВА.