Удзел у пасяджэнні сельвыканкама, маніторынг цэн
На гэтым тыдні наш раён наведаў дэпутат Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў па Шумілінскай выбарчай акрузе № 52 начальнік галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя аблвыканкама Міхаіл Вішнявецкі.
У аўторак, 22 кастрычніка, Міхаіл Лявонцьевіч разам са старшынёй раённага Савета дэпутатаў Мікалаем Будневічам прыняў удзел у пасяджэнні Лаўжанскага сельскага выканаўчага камітэта, на якім было разгледжана пытанне стану і далейшага ўдасканалення медабслугоўвання насельніцтва сельсавета, дэмаграфічная сітуацыя на тэрыторыі сельсавета.
Пасля пасяджэння дэпутат правёў у будынку Лаўжанскага сельвыканкама асабісты прыём грамадзян, наведаў мясцовыя гандлёвыя аб’екты для правядзення маніторынгу цэн і асартыменту.
На асабісты прыём звярнуліся двое чалавек. Малады медык-спецыяліст мясцовай амбулаторыі папрасіла садзейнічання ў вырашэнні жыллёвага пытання. Старэйшына аграгарадка выказала ўдзячнасць за арганізацыю медыцынскага абслугоўвання жыхароў населенага пункта і работу амбулаторыі.
Разам з кіраўніцтвам раёна М. Л. Вішнявецкі азнаёміўся з ходам рамонтных работ у Шумілінскай ЦРБ.
На наступны дзень, 23 кастрычніка, Міхаіл Вішнявецкі стаў удзельнікам сустрэчы кіраўніцтва раёна з маладымі спецыялістамі.
Алена КАРПУШЭНКА.