Жыццёвыя гісторыі кніг Валянціны Быстрымовіч
У чытальнай зале раённай бібліятэкі прайшла сустрэча-прэзентацыя з пісьменніцай з Мінска Валянцінай Быстрымовіч.
Валянціна Бутрымовіч – член грамадскіх аб’яднанняў «Саюз пісьменнікаў Беларусі» і «Саюз пісьменнікаў Саюзнай дзяржавы», рэдактар аддзела часопіса «Алеся», трохразовая пераможца рэспубліканскага літаратурнага стартапа LitUP, арганізаванага Міністэрствам інфармацыі Рэспублікі Беларусь.
Пасля невялікага аповеду пра сталічнага госця-пісьменніка работнікі бібліятэкі прадаставілі слова самой пісьменніцы. Валянціна Яфімаўна расказала, што яе прафесія далёкая ад літаратурнай творчасці, яна працавала ў сферы будаўніцтва – начальнікам участка, прарабам, дырэктарам будупраўлення, у аддзеле будаўніцтва Мінгарвыканкама. А ў 53 гады ўзяла і пачала пісаць апавяданні. Яе першае апавяданне «Надзень чырвоны касцюм» пабачыла свет пасля камандзіроўкі ў замежную краіну. Затым з’явіліся сотні новых твораў, якія былі надрукаваны ў газеце «Звязда», часопісах «Гаспадыня» і «Алеся». Пісьменніца, якая родам з Магілёва, расказала, што сюжэты для кніг бярэ з жыцця. Гісторыі рэальныя, многім блізкія і знаёмыя, таму ў такіх апавяданнях “ёсць душа”.
У Валянціны Быстрымовіч пабачыла свет пяць кніг, напісана каля 700 апавяданняў, якія друкаваліся ў розных часопісах, газетах Беларусі і Расійскай Федэрацыі. Кніга «Шкодніцы» намінавалася на нацыянальную літаратурную прэмію Беларусі ў 2022 годзе. Летась на III Рэспубліканскім літаратурным старта-пе LitUP перамагла яе кніга «Малако адзінарога», а сёлета на IV Рэспубліканскім літа-ратурным стартапе атры-малі перамогу адразу дзве кнігі: раман «Усётакі я яго пацалую» і аповесць «Тупат мяккіх лапак». Аповесць, па словах пісьменніцы, – жыццёвая гісторыя пра каханне і здраду, пра сваяцкія сувязі, у сюжэце пераплецены любоў і нянавісць, смех і грэх, вера і разлік.
Удзельнікі сустрэчы задавалі пісьменніцы пытанні. І даведаліся, што самым першым чытачом і крытыкам з’яўляецца муж, што яна вельмі любіць фантастыку, з класікаў даспадобы Дастаеўскі і Пушкін.
На памяць аб сустрэчы Валянціна Быстрымовіч падарыла бібліятэцы сваю кнігу «Малако адзінарога». Так што ў кожнага жыхара раёна цяпер ёсць магчымасць пазнаёміцца з творчасцю пісьменніцы.
Ларыса ЗАЙЦАВА.