Из Волгограда на Шумилинщину позвала память про отца и деда

80 лет освобождения Беларуси Беларусь помніць Край шумілінскі

З  Валгаграда  ў  Кардон  паклікала  памяць  пра  бацьку  і  дзеда

У Вялікую Айчынную вайну на барацьбу з ворагам паўсталі ўсе савецкія людзі – прадстаўнікі дзясяткаў нацыянальнасцей з усіх рэспублік былога СССР. І сёння, праз 80 год пасля заканчэння вайны, людзі шукаюць магілы сваіх продкаў, якія ў далёкіх краях прапалі без вестак ці загінулі. Шукаюць па ўсёй вялікай тэрыторыі, якую закранула вайна: ад Масквы да Берліна, ад Мурманска да Каўказскіх гор.

Кожны год у Шумілінскі раён прыязджаюць жыхары былых савецкіх рэспублік, а зараз незалежных дзяржаў, каб пакланіцца магіле свайго дзеда і прадзеда, пабачыць месцы, у якіх ён ваяваў.

З гераічнай сталінградскай зямлі, з горада Валгаграда, у наш раён прыехала 83-гадовая Валянціна Пракоф’еўна Фафонава з сынам Андрэем Красновым і дачкой Вольгай Жытнёвай на магілу бацькі і дзеда Фафонава Пракофія Акацьевіча, які пахаваны на шумілінскай зямлі.

Сям’я Фафонавых жыла ва Уральску (Казахстан), калі пасля пачатку вайны гаспадара сям’і Пракофія Фафонава 14 ліпеня 1941 года прызвалі ў армію і накіравалі на фронт. Пракофій Фафонаў ваяваў пад Сталінградам і на Курскай дузе, пад Масквой і Псковам, некалькі разоў быў паранены. Быў узнагароджаны медалём “За адвагу”. У прадстаўленні да ўзнагароды напісана, што “28 студзеня 1944 года чырвонаармеец Пракофій Фафонаў прыняў актыўны ўдзел у ліквідацыі групы нямецкіх разведчыкаў, якая прабралася ў наш тыл, быў цяжка паранены”. Менавіта тады, па расказах Валянціны Пракоф’еўны, ад бацькі прыйшоў ліст, у якім ён пісаў, што пасля лячэння будзе дэмабілізаваны і прыедзе дамоў. Але неўзабаве прыйшоў яшчэ адзін ліст, у якім салдат пісаў, што пакуль застаецца на фронце. Пасля шпіталя яго накіравалі ў 437-ы стралковы полк 154-й стралковай дывізіі, якая знаходзілася пад Сіроцінам. Рыхтавалася аперацыя “Баграціён”…

154 стралковая дывізія наступала ад Мішневіч на Андрэева, а затым уздоўж Заходняй Дзвіны. 28 чэрвеня 1944 года Пракофій Фафонаў быў цяжка паранены і памёр ад ран у палявым шпіталі. Разам з 26 салдатамі, якія таксама памерлі ў шпіталі, быў пахаваны ў вёсцы Камачына. У 1960-х гадах прах савецкіх салдат быў перанесены ў Кардон.

Няпроста складваўся і лёс Валянціны Пракоф’еўны. Па яе расказах сям’я не атрымала нават пахаванкі. Дзеці не атрымлівалі пенсіі па страце карміцеля, маці Клаўдзія Якаўлеўна Фафонава выхоўвала іх адна. Толькі пасля яе звароту ў 1947 годзе ў архіў Міністэрства абароны СССР прыйшлі дакументы аб смерці П. А. Фафонава. “Але праз год памерла і маці, нас адправілі ў дзіцячы дом. Пасля вайны было вельмі цяжка, голадна, мы лазілі ў навакольныя сады, агароды, бахчы, каб здабыць нешта паесці”, – успамінае Валянціна Фафонава. Тым не менш яна вывучылася, закончыла педагагічны інстытут, паўстагоддзя працавала настаўнікам замежнай мовы, атрымала ганаровае званне “Заслужаны настаўнік Казахскай ССР”. Ужо ў сталым узросце пераехала да дзяцей у Валгаград. Больш за сем дзесяцігоддзяў марыла Валянціна Фафонава даведацца пра месца, дзе ў 1944 годзе загінуў яе бацька, пабываць на яго магіле.

Толькі нядаўна ўнукі Валянціны Пракоф’еўны высветлілі пра абставіны, месца гібелі і пахавання свайго прадзеда. У верасні яна разам з сынам і дачкой прыехала ў наш раён, каб пакланіцца магіле бацькі. Нашчадкі Пракофія Фафонава ўсклалі кветкі да абеліску на брацкай магіле ў Кардоне, нізка пакланіліся.

Памяць пра подзвіг савецкіх салдат, глыбокая ўдзячнасць за свабоду і блакітнае неба, якія яны заваявалі для нас усіх, аб’ядноўвае ў агульным імкненні не дапусціць паўтарэння вайны, адстаяць мір.

Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *