Недаля родительской любви — повод поздравить мать-воспитателя детского дома семейного типа с праздников

Образование Семья

У доме – усмешкі і шчаслівыя вочы дзяцей

Тыдзень бацькоўскай любові – добрая нагода, каб выказаць словы падзякі мамам, для якіх выхаванне дзяцей з’яўляецца і работай.

На гэтым тыдні начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Аксана Талстая і дырэктар сацыяльна­педагагічнага цэнтра Юлія Уласевіч наведалі дом сямейнага тыпу і павіншавалі маці­выхавальніка Ірыну Загвоздаву, пецярых дзяцей­школьнікаў і навучэнца Віцебскага каледжа з Тыднем бацькоўскай любові.

– Дзякуй вам, Ірына Аляксандраўна, што аддаяце сваё сэрца дзецям, – адзначыла Аксана Талстая. – Прыемна бачыць у вашым доме ўсмешкі і шчаслівыя вочы дзяцей. Хай і надалей тут пануе бацькоўская любоў.

Ірына Загвоздава з дзецьмі заехала ў дом сямейнага тыпу 25 красавіка. Можна сказаць, што гэта дата і стала днём нараджэння новай вялікай сям’і. Маці перад сабой адразу паставіла задачу – каб сям’я стала дружнай, дзе кожны будзе адзін за аднаго і ўсе будуць шчаслівыя. «Так, на пачатку страшнавата было, усё­такі гэта вялікая адказнасць. Хаця трынаццаць год была прыёмнай маці, дваім дзеткам дала пуцёўку ў дарослае жыццё, – адзначае Ірына Аляксандраўна. – На ўсё імкнуся глядзець з пазітывам. Раней магла спазніцца на работу, а тут расплюшчыла вочы раніцай – і я на рабоце».

На ўчастку каля дома ўсе разам пасадзілі маліны і суніцы, крыху памідораў, агуркоў ды цыбулі. «Каля дома гародніна для таго, каб адразу пачаставацца, з’есці першы памідор ці агурок, – расказвае маці­выхавальніца. – Яшчэ ёсць два агароды, на якіх і бульба, і цяпліцы – патрэбны ж запас на зіму і бульбы, і закатак».

Багдан і Максім, якія пачулі нашу размову, дадалі, што бульбу саджалі і капалі разам, дапамагалі маці і ў цяпліцах.

10 кастрычніка ў сям’і было першае сямейнае свята – свята першага яйка. Справа ў тым, што летам набылі 15 куранят. Разам кармілі, глядзелі, як яны падрастаюць і чакалі, калі на стале з’явяцца яйкі. Дачакаліся. «Меншы, Глеб, першым заўважыў яйка, – усміхаецца маці. – Дзеці былі ў захапленні. Вырашыла вечарам, калі дзеці прыйдуць са школы, зрабіць святочны салодкі стол».

На гэтым тыдні ў доме сямейнага тыпу з’явілася новая пральная машына. Сям’я пастаянна адчувае падтрымку ад раённай улады. Так, у красавіку ў доме дапамаглі зрабіць рамонт, замяніць карнізы і шторы, дываны, уваходныя дзверы. Аксана Талстая падкрэсліла, што і надалей дому сямейнага тыпу будзе аказвацца дапамога, у бліжэйшых планах, напрыклад, устаноўка новай агароджы.

Аляксандр ШЭДЗЬКО.



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *