«Сіла сям’і – у дружбе у дружбе і ўменні любіць», – перакананы Віктар і Ганна Кляцковы з райцэнтра.
Вялікая, дружная і моцная сям’я, дзе ўсе трымаюцца адзін за аднаго, любяць, паважаюць, падтрымліваюць, дзеляць нягоды і радасці, шануюць традыцыі. Сёлета споўнілася 54 гады, як Віктар Аляксандравіч і Ганна Іосіфаўна Кляцковы разам. І за гэты час вунь як вырасла сям’я. Самі не могуць паверыць. Калі раней на святы збіраліся ў бацькоўскай кватэры, то сёння іх гасцінна сустракае вялікі дом Вольгі і Валерыя Баравіковых на вуліцы Дальняй у райцэнтры.
Праўда, спачатку трэба было нарадзіць і выхаваць траіх дзетак: Святлану, Вольгу і Аляксандра.
А потым пайшлопаехала… Усе дзеці стварылі сем’і, нарадзілі і выхавалі дзетак, дачакаліся ўнукаў. На сённяшні дзень у Ганны і Віктара пяцёра ўнукаў, чацвёра праўнукаў. І гэта, упэўнены, не мяжа.
«Калі браць у цэлым, то нас, самых блізкіх і родных, з кім падтрымліваем цесныя сувязі, з кім на сувязі пастаянна, кожны дзень і кожную хвіліну, 21 чалавек, – зазначае Ганна Іосіфаўна. – Тут жа, на здымку, не хапае дваіх: Вікі, жонкі ўнука, яна працуе медсястрой і сёння на змене, і ўнучкі Арынкі, якая сёлета скончыла школу з залатым медалём, а зараз знаходзіцца на вучобе ў Мінску. Але яны завочна з намі».
– Мы ўсе вельмі хуткія на пад’ём, добрыя, спагадлівыя, чулыя, вясёлыя, – дадае дачка Вольга Баравікова. – Збіраемся, як кажуць, па першым званку. Вунь і сёння з Расонаў для фатаграфавання «прыляцеў» пасля работы сын Мікалай з сям’ёй, а з Віцебска – дачка сястры Святланы з сям’ёй. Нам заўсёды разам цікава, ёсць пра што пагаварыць, чым заняцца, ёсць нагода парадавацца поспехам адзін аднаго.
З ліку апошніх сямейных радасцяў запрашэнне Вольгі і Валерыя Баравіковых у Віцебск у абласное ўпраўленне МНС для атрымання Падзячнага ліста ад кіраўніцтва за ўзорнае выхаванне сына Яўгена, які працуе ў нашым раённым аддзеле па надзвычайных сітуацыях. На днях вялікай сям’ёй адсвяткавалі дні нараджэнняў Валерыя, Віктара Аляксандравіча і Ганны Іосіфаўны. Гаспадыня сямейства з гонарам расказвала, як іх віншавала кіраўніцтва ПМК70, дзе яна разам з мужам адпрацавала старанна і сумленна шмат год. На падыходзе – імяніны Аляксандра.
«Нашы дзеці і ўнукі кажуць, што мы для іх прыклад ва ўсім, і што яны ганарацца намі, – прызналіся Ганна Іосіфаўна і Віктар Аляксандравіч. – Для нас гэтыя словы вельмі дарагія.Ведаеце: сіла нашай сям’і – у дружбе, уменні любіць і клапаціцца пра тых, хто побач. Гэта самы галоўны сакрэт згуртаванасці».
Ну што тут дадаць? Няхай такіх сем’яў у нашым раёне, у нашай краіне будзе як мага больш!
Алена КАРПУШЭНКА.