«Сёння ўсе апладысменты гучаць у ваш адрас»
Яркае свята творчых людзей, ці як назвалі вядучыя, «свята святочных людзей», 11 кастрычніка, напярэдадні прафесійнага свята, адзначылі работнікі культуры Шумілінскага раёна.
Мерапрыемства ў раённым цэнтры культуры сабрала тых, хто ўносіць уклад у культурную спадчыну і захоўвае духоўныя традыцыі, выхоўвае дзяцей на традыцыйных каштоўнасцях, хто прыўносіць у наша жыццё свята, напаўняе яго радасцю, далучае да прыгожага. Лепшыя прадстаўнікі сферы прымалі ўзнагароды і словы ўдзячнасці за працу, талент, творчасць і майстэрства.
За фарміраванне творчай культурнай прасторы ў Шумілінскім раёне адказваюць больш за сто восемдзесят спецыялістаў з 31 установы, занятыя творчай дзейнасцю ў клубнай, бібліятэчнай, музейнай сістэмах, дзіцячых школах мастацтваў.
Віноўнікам урачыстасці шмат цёплых і шчырых слоў падзякі за працу, захаплення талентам і адданасцю справе і віншаванні адрасавала намеснік старшыні райвыканкама Ірына Шалахава.
«Ваша прафесія ўнікальная і вечная, – адзначыла Ірына Іванаўна. – Прыміце шчырыя словы ўдзячнасці за вашу творчасць, нястомную энергію, аптымізм. Мы ганарымся тым, што вас і вашу работу ведаюць не толькі ў раёне, але і далёкага за яго межамі, нават за межамі краіны. Сёння ўсе апладысменты гучаць у ваш адрас з пажаданнямі моцнага здароўя і дабрабыту».
Да віншавальных слоў далучыліся рэжысёр Віцебскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці Вольга Мульц, загадчык сектара культуры райвыканкама Ірына Ласянкова, старшыня райкама прафсаюзаў работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму Алена Сініцкая.
Лепшым прадстаўнікам прафесіі ўручылі граматы і падзякі. Не засталіся без увагі і ветэраны працы, заслужаныя работнікі галіны. Ім таксама было выказана шмат цёплых слоў.
У падарунак ад калег – святочны канцэрт, у праграме якога сабраны лепшыя харэаграфічныя і вакальныя нумары.
Алена КАРПУШЭНКА.