Что волнует жителей Добейского сельсовета показал День работы с населением

Власть Общество

Хтосьці скардзіцца, а хтосьці робіць сам

11 кастрычніка старшыня раённага Савета дэпутатаў Мікалай Будневіч на чале рабочай групы, у якую ўваходзілі прадстаўнікі аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама, РАНС, РАУС, ТЦСАН, ДРБУ № 204, УП ЖКХ, правялі сустрэчы з жыхарамі населеных пунктаў Дабейскага сельсавета.

Першай на маршруце была вёска Прыазёрная, у якой сустрэча пачалася са скаргі, што прыватнае прадпрыемства, якое выкупіла будынак былой школы, агароджвае тэрыторыю і ліквідуе дзіцячую пляцоўку. Старшыня Дабейскага сельвыканкама Аляксей Іспянькоў расказаў, што абсталяванне дзіцячай пляцоўкі дэманціравана, і яго трэба ўсталяваць на новым месцы. Мікалай Будневіч прапанаваў перанесці пляцоўку да жылых дамоў, трэба толькі расчысціць месца для яе. Іншыя скаргі жыхароў былі запісаны прадстаўнікамі адпаведных службаў.

У многіх вёсках скардзіліся на работу мабільнага ФАПА: не захоўваецца графік работы, аўтамабіль не чакае пацыентаў, часта ў канцы маршруту ў медыкаў ўжо няма лекаў, нават самых неабходных. У адной з вёсак паскардзіліся на тое, што здавалі аналізы ў мабільным ФАПе, а вынікі не змаглі знайсці, прыйшлося ехаць у бальніцу і пераздаваць. “Навошта марнаваць дзяржаўныя грошы і бензін?” – пыталіся вяскоўцы.

Шмат скаргаў было на асартымент аўтамагазіна Бешанковіцкага філіяла аблспажыўтаварыства: некалькі тыдняў не было цыгарэт, запалак, хлеб прывозяць чэрствы, бываюць перабоі то з каўбасамі, то яшчэ з чым. “Дзякуй, што паштовая машына запаўняе гэтыя прабелы. Там і асартымент, і якасць прадуктаў на ўзроўні”, – казалі вяскоўцы.

У Вялікіх Ляжнях таксама прасілі аднавіць работу крамы. “Спажыўтаварыства гатова прывезці тавары і адкрыць краму, але неабходна знайсці мясцовага прадаўца”, – патлумачыў Мікалай Будневіч. Тым часам члены групы сталі сведкамі, як прыехаў аўтамабіль індывідуальнага прадпрымальніка, і вяскоўцы выстраіліся ў чаргу за прадуктамі.

Яшчэ адзін блок пытанняў тычыўся стану дарог. Так, у Вялікіх Ляжнях сустрэча пачалася з падзякі ўладам і начальніку ДРБУ № 204 Уладзіміру Раманаву за тое, што заасфальтавалі пад’езд да вёскі і вуліцу Лясную. Але адразу запыталі, калі будзе зроблены рамонт іншых вуліц, дзе няма асфальту. Кіраўнік дэпутацкага корпусу раёна патлумачыў, што асфальтаванне – няпростая справа, якая патрабуе падрыхтоўкі і фінансавання. Пакуль у гэтай і іншых вёсках будзе праведзена грэйдзіраванне і падсыпка найбольш праблемных участкаў. Патрабуюць рамонту дарогі ў Сосніна, Чарнецкіх, Ба-раноўскіх, Лялюгах. Адпаведныя службы атрымалі заданне.

Былі пытанні па вулічным асвятленні. Аляксей Іспянькоў запісваў заяўкі і тлумачыў, што ў такіх выпадках трэба тэлефанаваць у сельвыканкам, дзе збіраюць заяўкі і накіроўваюць іх у РЭС. Мікалай Будневіч расказаў, што РЭС вядзе суцэльную замену ўсіх ліхтароў на сучасныя больш эканомныя святлодыёдныя, таму трэба пачакаць. Незвычайнае пытанне задалі ў вёсцы Гародна, дзе правялі абнаўленне электрычных сетак і знеслі гняздо буслоў. Жыхары вёскі папрасілі дапамагчы аднавіць буслянку: электрыкі ўсталявалі нават спецыяльны слуп з пляцоўкай для гнязда, але прама ў кроне дрэва, так, што буслы не могуць на яго заляцець. Пасля агляду на месцы было вырашана спілаваць старую бярозу, тым больш, што яе гаспадар згодны з рашэннем.

Прыемную кропку ў аб’ездзе населеных пунктаў Дабейшчыны паставілі жыхары вёскі Лялюгі. Яны ўразілі зарадам бадзёрасці і аптымізму. Вяскоўцы шчыра дзякавалі старшыні сельвыканкама, работнікам культуры за свята вёскі, якое ладзілася ў жніўні, расказалі пра тое, як даглядаюць свае падворкі і вёску ў цэлым, пра клопаты, пра тое, як вырашаюць праблемы.

Усе пытанні, што былі ўзняты вяскоўцамі падчас сходаў і якія патрабуюць рашэння, узяты на кантроль старшыні райсавета і будуць накіраваны адпаведным службам для вырашэння.

Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *