«Поздравляем! У вас двойня!» Легко ли растить двойняшек рассказывает многодетная мама из Шумилино

Общество Семья

«Віншуем! У вас двойня!»

Даглядаць аднаго нованароджанага нялёгка, а калі на свет з’яўляюцца адразу двое? Як арганізаваць свой час, каб усё паспець, ці лёгка выхоўваць двайнят, калі ў цябе яшчэ ёсць і старэйшы сын – гэта зведала на сабе мнагадзетная мама з райцэнтра Іна Аляксандраўна Пясецкая.

«Віншуем!  У  вас двойня!», – паведаміў Іне Пясецкай урач пры чарговым медыцынскім аглядзе. Такое паведамленне было раптоўным і неспадзяваным.

Калі  нарадзіліся двайняты Дарына і Лера, радасць была двайная. Сапраўдныя іспыты на цярпенне і вытрымку чакалі маму наперадзе. Дагледзець двойню, накарміць, вы-мыць, укласці спаць – гэта не тое, што аднаго. У Іны было двое памочнікаў – вечарам муж Юрый, які вяртаўся з работы, а днём – чатырохгадовы сын Аляксей. З трыма дзецьмі Іна выходзіла на прагулку, пад’язджала з каляскай да магазіна, давала Лёшу спіс прадуктаў і грошы і адпраўляла ў магазін.

Сын таксама дапамагаў карміць дзяўчынак сумесямі з бутэлечак. Іна заўважыла, што памочнік на вачах падрос, у яго ніколькі не было рэўнасці, што малым бацькі ўдзяляюць больш часу.

«Што тычыцца будняў мамы двайнят, то тут быў адзін ратунак – рэжым. Строгі, амаль армейскі, – кажа Іна. – Сон – строга па раскладзе, харчаванне і гульні – таксама. Гэта вельмі дапамагло. Я не пагрузілася з галавой у клопат пра двайнят, у час іх сну магла заняцца прыгатаваннем ежы і ўборкай. Хаця, калі чэсна, самы цяжкі час быў да года. Потым крыху палягчэла. Дачушкі разам забаўляліся з цацкамі, і я магла заняцца дамашнімі справамі».

Выхоўваць двойню цяжкавата і ў матэрыяльным плане: каляску, санкі, веласіпед трэба набываць двайныя, ложкаў патрэбна два, цацак і канцылярскіх вырабаў – у два разы больш, адзення і абутку – таксама ў квадраце. Іна стараецца апранаць дзяўчат аднолькава, каб не было паміж імі спрэчак і крыўдаў. А вось цацкі купляе розныя, каб дачушкі раслі дружалюбнымі і ўмелі дзяліцца…

Зараз Дарына і Лера ходзяць у першы клас, нядаўна ім споўнілася па сем гадоў. Знешне дзяўчынак можна з лёгкасцю адрозніць, хаця яны “адчуваюць адна адну” і доўга паасобку не могуць. Разам з тым у школе сядзяць за розных партах, і па характары розныя. Дарына – спакойная і дружалюбная, гатова аддаць апошняе, Лера – хуткая, упэўненая, ёй трэба ўсюды паспець. Абедзве наведваюць танцавальны гурток у раённым цэнтры культуры і вельмі любяць свайго брата.

А шасцікласнік Аляксей,  як  сапраўдны джэнтльмен, дапамагае сястрычкам, іншы раз даруе ім дзявочыя капрызы.

Іна Пясецкая кажа, што  дзякуючы  нараджэнню двайнят яна навучылася быць цярплівай, рабіць адначасова і хутка некалькі спраў, даражыць часам і цішынёй. Так што двойня – гэта не толькі іспыты на вытрымку, але і двайная радасць для сям’і.

Ларыса ЗАЙЦАВА.



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *