У нядзелю сваё прафесійнае свята адзначаць работнікі культуры, якія сваёй штодзённай працай і творчасцю падахвочваюць людзей любіць родны край, мову, культуру свайго народа, а таксама дораць усім нам незабыўныя мерапрыемствы да любых святочных дат, ствараюць добры настрой і насычаюць наша жыццё яркімі фарбамі. Гэта добрая нагода пагаварыць пра тое, як развіваецца сфера культуры на шумілінскай зямлі, якія цікавыя праграмы рэалізуюцца, якіх поспехаў дасягнулі прадстаўнікі важнай і неабходнай прафесіі. Наша сённяшняя суразмоўца – загадчык сектара культуры райвыканкама Ірына ЛАСЯНКОВА. Ірына Віктараўна ў гэтай сферы чалавек адносна новы, але ж паспела з галавой акунуцца ў культурнае жыццё. Мае музычны слых і вакальныя дадзеныя, як сцвярджаюць спецыялісты.
– Ірына Віктараўна, давайце пачнем з лічбаў і фактаў, каб зразумець, як сёння прадстаўлена раённая галіна культуры.
– Сваё прафесійнае свята ў нашым раёне будуць адзначаць 183 работнікі. Сфера культуры прадстаўлена 31 установай – клубнымі, бібліятэчнымі, музейнымі ўстановамі і школамі мастацтваў.
– У такім разе паспрабуем намаляваць сярэднестатыстычны партрэт культработніка…
– Гэта жанчына ў поўным росквіце сіл, якую ў народзе любяць называць «ягадкай», мудрая, таленавітая, прыгожая, вопытная, з выдатным пачуццём гумару. Вельмі хацелася б, каб як мага больш было сярод нас моладзі з яе крэатывам і сучасным бачаннем свету. Хочацца адзначыць, што мы вельмі падтрымліваем і заахвочваем нашых маладых культработнікаў, стараемся вырашаць і іх жыллёвыя пытанні, і развіваць кругагляд. Узяць, да прыкладу, Андрэя Трафімава і Крысціну Бурлакову, якім прадастаўлена арэнднае жыллё. А паездка Андрэя ў Сочы чаго каштуе!
– Якім быў гэты год для работнікаў культуры Шуміліншчыны?
– Адназначна яркім, насычаным, эмацыянальным, для многіх – паспяховым. І што немалаважна, улічваючы, што 2024 год – Год якасці, – якасным. І хаця да канца года засталося некалькі месяцаў, ужо сёння можна з упэўненасцю гаварыць пра тое, што ўсе пастаўленыя задачы рэгіянальнага комплексу мерапрыемстваў па рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы «Культура Беларусі» на 2021-2025 гады» будуць выкананы.
Трэба адзначыць, што сёння работнікі культуры працуюць не толькі па сваіх планах, у апошні час мы арганізоўваем і суправаджаем шэраг іншых пазапланавых мерапрыемстваў розных маштабаў.
– Назавіце самыя яркія і паспяховыя праекты і гучныя імёны?
– З задавальненнем. Пачну з галоўнага чакаемага поспеху – народны тэатр раённага цэнтра культуры пад кіраўніцтвам рэжысёра Таццяны Багдана-вай на абласным аглядзе-конкурсе «Тэатральная вясна-2024» узяў Гран-пры за спектакль «Удовін параход». Конкурс праходзіць раз у два гады, і кожны раз калектыў займаў прызавыя месцы, але ж не Гран-пры. Гэта сведчанне прафесіяналізму артыстаў.
Шырока і маштабна, дзякуючы работнікам культуры, раён адзначыў 80-годдзе вызвалення раёна і Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, 100-годдзе ўтварэння раёна. У тэатралізаваным шэсці 3 ліпеня, да слова, прыняло ўдзел больш за 600 чалавек. Змястоўным і пранікнёным атрымаўся ў гарадскім парку ў Дзень Незалежнасці інтэрактыўны раённы праект тэматычных інсталяцый сельсаветаў «Без тэрміну даўнасці», ідэйным стваральнікам якога выступіла таленавітая мастачка-афарміцель Іна Зянькова. Удалым стаў новы праект Дома рамёстваў «Сіла ад зямлі – моц ад хлеба», прэзентаваны да 100-годдзя ўтварэння Шумілінскага раёна і на раённых «Дажынках». Тут майстры прадставілі багаты асартымент самаспечанага хлеба па старажытных рэцэптах нашых бабуль.
17 ліпеня ва ўрачыстай абстаноўцы была прэзентавана новая музейная экспазіцыя «Скрозь гады памяці і лёсу», першым наведвальнікам якой стаў губернатар вобласці Аляксандр Субоцін.
Шмат поспехаў на рахунку Шумілінскай дзіцячай школы мастацтваў. У абласным аглядзе-конкурсе «Спяваем з аркестрам!» шумілінцы ўзялі шэраг перамог: у намінацыях «Дэкламацыя» і «Узорны баянны аркестр» – 1 месца, «Народны аркестр народных інструментаў» – 2 месца. У абласным конкурсе «Віват аркестр» у Оршы ў намінацыях «Узорны духавы аркестр» і «Узорны народны аркестр» шумілінскія музыкі сталі лаўрэатамі ІІ ступені. На фестывалі-конкурсе ў рамках «Славянскага базару» традыцыйна яркім і прыгожым было выступленне ўзорнага ансамбля барабаншчыц і мажарэтак «Экспрэсія» пад кіраўніцтвам Кацярыны Кузьміной і, як вынік, 3 месца. Хор школы мастацтваў на абласным конкурсе «Сугучча галасоў» у Наваполацку стаў лаўрэатам ІІІ ступені.
Добра заявіла пра сябе і Обальская дзіцячая школа мастацтваў. Вучаніца Вікторыя Ляўшова (выкладчык Вольга Карбавец) стала ўладальніцай Гран-пры адкрытага вакальнага эстраднага конкурсу «Сузор’е талентаў», лаўрэатам І ступені ў IV адкрытым рэгіянальным вакальным фестывалі «Гукі мары», лаўрэатам ІІ ступені ў Міжнародным тэлепраекце «Кубак дружбы». Да таго ж, Вікторыя паступіла ў Віцебскі дзяржаўны музычны каледж імя І. Салярцінскага, што, безумоўна, стала вялікай радасцю і гонарам і для яе выкладчыка Вольгі Уладзіміраўны.
Вучаніца гэтай жа ўстановы Валерыя Яроменак (выкладчык Аліна Вяеўнік) выйшла ў лаўрэаты ІІІ ступені абласной выставы-конкурсу «Божы свет вачыма дзяцей», стала пераможцай ыстанцыйнага этапа IV адкрытай выставы-конкурсу дзіцячай мастацкай творчасці «Музыка вачыма мастака».
Прыемным было вяртанне на сцэну пасля некаторага перапынку народнага сямейнага ансамбля «Забава» (кіраўнік Вольга Сташонак) Лаўжанскага сельскага цэнтра культуры і вольнага часу, якога адразу ж чакаў паспяховы ўдзел у абласным свяце «Журавы і журавіны» ў Міёрах.
Хочацца адзначыць і развіццё міжнароднага супрацоўніцтва. Шумілінскія артысты і майстры маюць настолькі высокі ўзровень, што ім давяраюць прадстаўляць гонар Віцебшчыны на міжнародных пляцоўках. Размова пра ўдзел нашага народнага майстра па саломапляценні Наталлі Сцержанковай на «Днях Віцебскай вобласці ў Пскове» і «Днях Віцебскай вобласці на ВДНГ» у Маскве. Нашы раённыя калектывы – частыя госці-ўдзельнікі на мерапрыемствах у суседніх раёнах. Шумілінскія артысты вельмі запатрабаваны ў санаторыях «Чыгуначнік» і «Лётцы», дзе два разы ў месяц даюць канцэрты, папаўняючы такім чынам пазабюджэт устаноў.
– У вас вельмі многа памочнікаў, без якіх немагчыма сёння ўявіць раённыя святы, маю на ўвазе артыстаў мастацкай самадзейнасці… Каго хочацца асабліва адзначыць?
– Мы бясконца рады за нашу Юлію Якуценка, салістку эстраднай студыі «Акцэнт», якая ў апошні час была ўдзельніцай тэлепраектаў «Зорны шлях», «Сузор’е прафсаюзных талентаў» (2 месца), конкурсу вакалістаў «Бярэзінскія напевы» ў рамках рэспубліканскага фестывалю дружбы і мастацтва «Дзве ракі» (1 месца), канцэрта на галоўнай пляцоўцы фестывалю-кірмашу «Дажынкі-2024» ў Бешанковічах.
Не ўяўляем сёння сваю каманду без Юрыя Афанасьева, штатнага раённага «Дзеда Мароза», нязменнага вядучага многіх мерапрыемстваў. Гэта, сапраўды, і іх свята таксама. І мы вельмі ўдзячны ўсім за дапамогу, падтрымку, за жаданне дзяліцца сваім талентам, за тое, што знаходзяць час на нас.
– Ірына Віктараўна, а як работнікі культуры будуць адзначаць сваё свята?
– Як заўсёды – на сцэне, песнямі, танцамі, жартамі. Хто, калі не мы?!
– У вас ёсць цудоўная магчымасць павіншаваць калег са святам.
– Кожны работнік нашай сферы па-свойму ўнікальны, а яго творчасць заслугоўвае ўдзячнасці, а дзесьці і захаплення. Шчыра хачу пажадаць усім работнікам культуры творчасці, новых ідэй, натхнення, сямейнага шчасця, дабрабыту, клопату і разумення ад родных і блізкіх. Вялікі дзякуй за работу!
– І вам вялікі дзякуй за размову. Са святам!
Алена КАРПУШЭНКА.