ЛАЎРЭАТ АБЛАСНОЙ ПРЭМІІ ІМЯ ГЕРОЯ САВЕЦКАГА САЮЗА З. М. ТУСНАЛОБАВАЙ-МАРЧАНКА
“У сям’і галоўнае – узаемаразуменне”
Зінаіда Сцержанкова, медыцынская сястра Шумілінскай цэнтральнай раённай бальніцы, удастоена звання лаўрэата абласной прэміі імя Героя Савецкага Саюза З. М. Тусналобавай- Саюза З. М. Тусналобавай-Марчанка.
Зінаіда Сцержанкова не выпадкова была вылучана на абласную прэмію. Яна руплівы і адказны работнік, грамадскі актывіст, добрая маці.
Вось ужо больш за два дзесяцігоддзя працуе ў бальніцы, з 2020 года ўзначальвае пярвічную прафсаюзную арганізацыю. Разам з мужам Раманам выхоўвае дачку Аляксандру і сына Сяргея. Аляксандра сёлета закончыла школу, вучыцца ў Полацкім эканамічным каледжы, Сяргей – другакласнік СШ № 1 г. п. Шуміліна.
Як Зінаідзе Іванаўне ўдаецца спраўляцца з прафесійнымі, грамадскімі і сямейнымі абавязкамі? “Я заўсёды раздзяляю работу і сям’ю. Пасля працоўнага дня ўсю сябе аддаю сям’і. Спачатку сямейныя справы, дамашнія клопаты, дзеці, урокі. Ну, а пасля, калі дзеці спяць, калі ёсць вольная хвілінка, саджуся займацца грамадскімі справамі.
Лаўрэат ганаровай прэміі падзялілася сакрэтамі сямейнага шчасця і выхавання. Зінаіда лічыць, што ўзаемаразуменне – галоўнае ў сямейных адносінах. Яна ўдзячная лёсу за сустрэчу з мужам: “Мы жывём разам 19 год, падтрымліваем адзін аднаго і заўжды імкнёмся знайсці агульнае рашэнне нашых праблем”. У выхаванні дзяцей, на думку мамы, таксама вялікую ролю адыгрывае ўзаемаразуменне. “Нельга страціць давер у адносінах, тады ніякія метады і прыёмы выхавання не будуць дзейнічаць. Я пастаянна размаўляю з дзецьмі, каб яны маглі зразумець мяне, а я іх. Аддаю дзецям ўсю душу, каб яны заўжды адчувалі маю падтрымку”, – кажа яна.
“Тое, што мяне вылучылі на ганаровую абласную прэмію, было поўнай нечаканасцю. Я і ўся мая сям’я вельмі рады гэтай высокай узнагародзе. У панядзелак, 14 кастрычніка, на Дзень маці мяне запрасілі ў Віцебскі аблвыканкам, дзе адбудзецца ўзнагароджанне. А ў мяне ў гэты дзень яшчэ прафсаюзная справаздачная канферэнцыя, так што дзень будзе вельмі насычаны”, – прызналася Зінаіда Сцержанкова.
ДАВЕДКА “ГП”.
Абласная прэмія імя Героя Савецкага Саюза Зінаіды Міхайлаўны Тусналобавай-Марчанка была зацверджана ў 2003 годзе для павышэння прэстыжу мацярынства і ўмацавання інстытута сям’і. Прэмія ўручаецца штогод 25 жыхаркам Віцебскай вобласці на Дзень маці падчас урачыстага прыёму ў аблвыканкаме.
За ўвесь час узнагароду атрымалі 22 жыхаркі Шумілінскага раёна.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.