«Смачна! Смачней, чым дома»
У мінулым навучальным годзе шэраг устаноў адукацыі, у тым ліку і СШ № 1 г. п. Шуміліна, удзельнічалі ў рэспубліканскім пілотным праекце па апрабацыі новых тэхналогій і прынцыпаў арганізацыі харчавання вучняў, падчас якога выкарыстоўваліся новыя падыходы да арганізацыі харчавання ва ўстановах адукацыі краіны.
Праект быў паспяховым і перастаў быць эксперыментальным: з 1 верасня ва ўсіх школах меню і графікі прыёму ежы максімальна падпарадкаваны запытам навучэнцаў і іх бацькоў. Зразумела, з улікам прынцыпаў і нормаў здаровага харчавання.
Распрацаваны раздзел на інтэрнэт-сайце Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь «Інфармацыйны зборнік тэхналагічных карт страў і вырабаў», у які ўключаны новыя фірменныя стравы, якія апрабаваныя і знайшлі станоўчы водгук у вучняў пры правядзенні эксперыменту. З новага навучальнага года стравы з гэтага зборніка ўключаны ў прыкладныя двухтыднёвыя рацыёны для вучняў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі.
– Кардынальных змен у арганізацыі харчавання ў гэтым навучальным годзе ў нашай школе няма, – расказвае дырэктар СШ № 1 г. п. Шуміліна Вольга Далецкая. – Многае было зроблена летась. Пілотны праект станоўча ацанілі і навучэнцы, і бацькі. Зараз складзена прыкладнае двухтыднёвае летне-асенняе і зімова-вясенняе меню (пазнаёміцца з ім можна на сайце школы).
Для вучняў пачатковых класаў прадугледжаны сняданак, для вучняў сярэдніх і старэйшых класаў – абед (вучні мо-гуць выбіраць абед з першай стравай ці без), для выхаванцаў групы падоўжанага дня – сняданак, абед і падвячорак.
Кожны дзень – новыя стравы, на працягу двух тыдняў яны не паўтараюцца. Так, на сняданак тут і тварожная запяканка «Дзень/ноч», і галкі рыбныя, і мясныя шарыкі, і біточкі лёгкія… На абед таксама багаты выбар: 10 відаў першых страў, на гарнір – катлета «Далікатная», аладкі рыбныя «Фантазія», каўбаскі «Новыя» і абавязкова салата («Позняя восень», «Бурачок», «Калейдаскоп», «Вітамінны»). На падвячорак – грэнкі, ёгурт, аладкі… І, канечне, кампоты, сокі.
– Галоўнае, каб былі пустыя талеркі, – адзначае намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце школы Людміла Сімановіч. – Так, мы бачым, што першыя стравы не вельмі любяць дзеці, выключэнне складаюць боршч ці капуста (щи – па-руску). Не любяць і стравы з пячонкі. У выніку печань па-строганаўску была заменена на печань «Цемпура», якая зноў-такі не прыйшлася даспадобы, цяпер будзем прапаноўваць трэці варыянт – пячоначныя аладкі.
«Смачна! Бывае смачней, чым дома!» – пераважна такую ацэнку паставілі стравам вучні, якіх мы заспелі ў школьнай сталовай. Трэцякласніца Марыя Мароз сказала, што ёй вельмі падабаюцца розныя супы. Асабліва даспадобы пюрэ з катлетай. Адзінаццацікласнік Дзяніс Каралькоў адзначыў выдатны смак баршчу. Наогул, зазначыў ён, школьныя повары кормяць смачна і добра. Падтрымаў яго і аднакласнік Захар Сімановіч: «А мне малочныя супы падабаюцца. З мясных выдзелю біточкі з сырам. Сёлета кожны дзень падаюць салаты, некаторыя з якіх паспрабаваў толькі ў школе. Мама дома такія не гатавала».
Мы папрасілі школьнага повара Ганну Пуцыла падзяліцца з нашымі чытачамі рэцэптам аладак «Курачка Раба» – стравай, якая падабаецца практычна ўсім вучням.
На тры порцыі трэба ўзяць: філе курынае – 300 г, яйка курынае – 2 шт., смятана ці маянэз – 2 ст. л., крухмал бульбяны –2 ст. л., цыбуліна – 0,5 шт., соль (па гусце), алей (для смажання).
У смятану ці маянэз дадаць яйкі і ўзбіць, туды ж адпраўляем крухмал і добра змешваем. Цыбулю дробна рэжам і адпраўляем туды ж. Здрабняем і філе курыцы, змешваем з цестам. Пячы аладкі трэба на разагрэтай патэльні на сярэднім агні з дабаўленнем алею да румянай скарыначкі.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.