Кукуруза – на сілас. Будзем з кармамі!
У раёне засеяна 3213 гектараў кукурузы. На раніцу 7 кастрычніка было ўбрана 2160 гектараў (67% да патрэбнага), нарыхтавана 37826 тон сіласу.
Учора ўборка вялася ва ўрочышчы Маркава ААТ «Прыазёрны мір». Кукуруза там вырасла густая, высокая. У ёй амаль поўнасцю хавалася кормаўборачная тэхніка. Намеснік дырэктара сельгаспрадпрыемства Мікалай Дубіна ацаніў ураджайнасць каля трохсот цэнтнераў з гектара. «Ды сёлета ўсе кукурузныя палеткі добрыя, а сілас лішнім не бывае. Будзем з кармамі!», – дадалі Мікалай Шыёнак, які працуе на КВК і здрабняе за дзень да 200 тон, і Валерый Харкевіч, які на МТЗ адвозіць кукурузу ў сіласную траншэю ў Непароты.
Ларыса ЗАЙЦАВА.