Бабовыя + злакавыя = добрыя надоі
СФГ «Раднік», якая спецыялізуецца на вырошчванні шматгадовых траў, сёлета з 20 гектараў намалаціла 10 тон насення баркуну (донника – рус.) белага.
Насенне здадуць на «Віцебскнасентравы», адкуль гаспадаркі вобласці змогуць яго набыць. «Баркун – вельмі выгадная бабовая культура, – кажа кіраўнік СФГ “Раднік” Юрый Сямёнаў. – Не трэба ні кілаграма ўгнаенняў, ні грама ядахімікатаў. Доўгія карані (да паўтара метра) дастаюць і вільгаць, і карысныя рэчывы. Гэта культура абагачае глебу азотам: дае яго да 120 кг дзеючага рэчыва на гектар, гэта значыць, замяняе 350 кілаграмаў салетры. Вось таму кіраўнікам кожнага сельгаспрадпрыемства раю вырошчваць баркун».
Сёлета ўпершыню гаспадарка пасеяла 70 гектараў баркуну жоўтага – на яго палетках у канцы лета ўжо пасвіліся цяляты. Баркун белы выкарыстоўвалі для нарыхтоўкі сенажу разам са злакавымі культурамі – райграсам аднагадовым і пашавым, аўсяніцай трысняговай.
«Баркун – шыкоўная культура для сенажу, – працягвае размову Юрый Віктаравіч. – Баркун дадае бялок да кукурузных вугляводаў і цукру. Вось і закладвалі ў сянажныя траншэі такі “пірог” слаямі. З упэўненасцю магу сказаць, што нарыхтаваныя ў нашай гаспадарцы кармы якасныя і збалансаваныя. Калі летась за год мы надаілі шэсць тысяч кілаграмаў малака на карову, то сёлета трымаем накірунак на сямітысячныя надоі».
Ларыса КІСЯЛЁВА.