Заканчивают уборку картофеля в КФХ «Родник» Шумилинского района

Сельское хозяйство

Уборку бульбы тармазіла сухое надвор’е

Калі на прыватных агародах бульбу ўжо даўно выкапалі, то на палетках СФГ «Раднік» у пачатку тыдня работы былі ў самым разгары.

«Пятнаццаць гадоў займаюся ўборкай другога хлеба, а такога сухога надвор’я ў жніўні і верасні не памятаю, – адзначыў механізатар Анатоль Карнякоў, які сёлета працуе на пару з Віктарам Аглушэвічам. – Глеба высахла да таго, што была як скала. Ад гэтага тармазілася ўборка. Для зручнасці на нажы бульбакамбайна “наварылі” долаты. Але і яны ламаліся. Глеба-скала аказалася мацней жалеза. Пасля дажджу працаваць стала значна лягчэй: бульбакамбайн ідзе добра».

Падчас нашага прыезду да камбайна пад’ехаў МАЗ, і клубні па транспарцёры роўным патокам пасыпаліся ў прычэп. Анатоль Карнякоў заўважыў, што ў параўнанні з мінулым годам бульба не вельмі ўрадзіла. Калі летась за дзень убіраў амаль па 60 тон, а сёлета толькі палову і нават менш. Такі ўраджай і ў Мішкавічах, і ва ўрочышча Слабада, што недалёка ад Надзежына. Даглядалі, здаецца, палеткі, як і летась, а ўраджай меншы – негатыўна паўплывала надвор’е.

«Сёлета ў СФГ «Раднік» пасаджана 15 гектараў бульбы, – расказаў кіраўнік гаспадаркі Юрый Сямёнаў. – Вырошчваем адзін гатунак “гала”. Ураджайнасць падлічым пасля ўборкі, яшчэ на палях засталося больш за тры гектары. Чаму выбар выпаў на “галу”? Таму, што гатунак карыстаецца попытам у пакупнікоў, мае добрыя смакавыя якасці, выдатна захоўваецца. Пасля ўборкі бульбу будзем сартаваць на тры фракцыі – харчовую, насенную і дробную».

Ларыса ЗАЙЦАВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *