Дзе шукаць «экстру»?
Ураджай на палетках прыбраны, рэалізаваны, засыпаны ў зернесховішча. Цяпер прыбытак у сельгаспрадпрыемстваў у асноўным ад рэалізацыі малака. Як даіць так, каб атрымліваць гатунак “экстра” – пра гэта ішла гаворка на раённай сельскагаспадарчай нарадзе.
Раён здае дзяржаве штодзень 12840 кг (32% ад валавай вытворчасці) малака гатункам “экстра”, расказала начальнік аддзела арганізацыі сельскагаспадарчай вытворчасці ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Марына Панкраценка. Такія поспехі толькі ў трох гаспадарках. Стопрацэнтна ўсё малако кожны дзень здаюць такім сортам ААТ «Ляжні» (7390 кг) і СФГ «Раднік» (2920 кг). Да лідараў далучылася і СУП «Лаўжанскае», але здаюць толькі палову прадукцыі “экстрай” – 2530 тон (з фермаў Рашэтнікі і Латкова), астатняе ідзе вышэйшым гатункам. Такі ж сорт у ААТ «Прыазёрны мір», КУСГП «Сіроцінскі» і УП «Шумілінскі райаграсэрвіс».
А з фермаў КУСГП «Ульскі» і ААТ «АграБаравінка» ідзе малако першым гатункам. Па падліках эканамістаў, калі б прадукцыя ішла “экстрай”, то б штодзённая малочная выручка гаспадарак была б большай на 20%. І гэта немалыя грошы, якія, як паветра, патрэбны гаспадаркам.
Што рабіць, каб малако было якасным? Ісціна на паверхні – дакладна захоўваць тэхналогію догляду, якасна даіць і карміць. А яшчэ добрых вынікаў можна дабіцца ў згуртаванай і зладжанай рабоце, калі кіраўнік, заатэхнік, ветурачы, даяркі, пастухі, вартаўнікі працуюць у адной звязцы, на адну мэту. Менавіта так арганізавана работа ў ААТ «Ляжні», дзе звычайныя фермы і пад’езды да іх, звычайныя палеткі для выпасу, такія ж, як і ў іншых гаспадарках, даільныя апараты. Аднак розніца ад астатніх у тым, што тут удзяляюць пільную ўвагу тэхналогіі на кожным этапе, пачынаючы ад асемянення, нараджэння цяляці, яго выпойвання і догляду. Так, на ферме Ляжні-1 створана група раздою. Гэта значыць, ставяць асобна нецеляў, каб іх уважліва дагле дзець. Пасля нараджэння цялят на працягу трох месяцаў праводзяцца кантрольныя дойкі. Калі кармленне жывёлы правільнае, то мала-ко павялічваецца. Такія ж групы раздою створаны ў КУСГП «Ульскі» (ферма Лявонава-2), СУП «Лаўжанскае» (Мясаедава). А вось кіраўніцтва ААТ «АграБаравінка«, КУСГП «Сіроцінскі», СУП «Лаўжанскае», УП «Шумілінскі райаграсэрвіс» гэтым чамусьці не думаюць займацца, за што атрымліваюць абгрунтаваную крытыку з боку кіраўніцтва раёна.
Дойныя статкі, якіх у раёне 26, пачалі ставіць на зімова-стойлавы перыяд. Пад дахам ужо стаяць каровы фермы Мясаедава СУП «Лаўжанскае», Лявонава-2 КУСГП «Ульскі». Распрацаваны графікі пастаноўкі жывёлы ў хлеўчукі, на працягу двух тыдняў астатнія 24 статкі перагоняць на “зімовыя кватэры”.
Ларыса КІСЯЛЁВА.