Волейбольный турнир памяти Завадского закончился победой хозяев

В области Спорт, туризм

За кожнай перамогай – камандны дух і асоба трэнера

27-29 верасня ў Шумілінскай СДЮШАР прайшоў традыцыйны адкрыты абласны турнір па валейболе сярод  хлопцаў 2011-2012 гадоў нараджэння памяці трэнера-выкладчыка Анатоля Завадскага. У госці прыехалі калектывы з Бешанковіч, Мінска (дзве каманды), Пскова і Адзінцова (Маскоўская вобласць).

Валейбольныя заўзятары штогод чакаюць канец верасня, калі на шумілінскай зямлі можна паглядзець лепшыя валейбольныя каманды з Беларусі і Расіі. Турнір па валейболе памяці трэнера-выкладчыка Анатоля Завадскага стаў спартыўным брэндам Шумілінскага раёна.

Валейбалісты, трэнеры і балельшчыкі хвілінай маўчання ўшанавалі памяць трэнера А. Я. Завадскага, капітаны каманд разам з дырэктарам Шумілінскай СДЮШАР Алегам Асташонкам усклалі кветкі да мемарыяльнай дошкі Анатоля Яўгенавіча. На турніры прысутнічаў сын трэнера Сяргей. «Вельмі рады, што справа майго бацькі працягваецца, і ў Шуміліне валейбол па-ранейшаму спорт нумар адзін, – адзначыў Сяргей Завадскі. – Хочацца падзякаваць кіраўніцтву раёна, калектыву спартыўнай школы на чале з дырэктарам Алегам Асташонкам за тое, што, дзякуючы турніру, у шумілінскіх валейбольных заўзятараў ёсць магчымасць пабачыць валейбольныя гульні высокага ўзроўню. Прыемна, што шумілінская валейбольная школа працягвае заставацца адной з лепшых у рэспубліцы».

Сёлетні турнір падарыў багата цікавых сустрэч: усе каманды былі прыкладна аднаго ўзроўню, і ад гэтага выйгралі ўсе. Шумілінская каманда, за якую выступалі Павел Лінкевіч, Яраслаў Канстанцінаў, Арцём Красікаў, Дзяніс Кісліцын, Арсеній Саўчанка, Арсеній Кулікаў, Ягор Гаеў, Андрэй Сідарэнка, Мікіта Аксёнаў і Марк Ягораў, у першай гульні без вялікіх праблем разабралася з бешанковіцкімі ігракамі.

Сустрэча «Шуміліна» – «Адзінцова» праходзіла адразу пасля ўрачыстага адкрыцця і сабрала вялікую глядацкую аўдыторыю. Нашы хлопцы проста разгубіліся, і ў першай партыі ў іх нічога не атрымлівалася. І вось яна – асоба трэнера! Любоў Бабова знайшла ў перапынку патрэбныя словы, і на пляцоўку выйшла зусім іншая каманда, зараджаная на перамогу. Вынікам гульні стала перамога з лікам 3:1.

Многія чакалі сустрэчу паміж «Шуміліна» (лепшай каманды па атацы) і «Псковам» (лепшай каманды па абароне). І гульня апраўдала чаканні. Адна партыя – за аднымі, наступная – за другімі. Гульня ачко ў ачко. І ўсё-такі перамагла атака: 3:2 на карысць шумілінскіх валейбалістаў.

Да сваёй сустрэчы «Шуміліна» і «Мінск-1» падышлі без паражэнняў, і ў асабістым супрацьстаянні павінны былі вызначыць пераможцу. Толькі вось барацьбы на ўвесь матч не атрымалася: шумілінцы дамініравалі ва ўсіх кампанентах гульні і пераканаўча з лікам 3:0 (25:23, 25:16, 25:17) перамаглі.

Прызавая тройка турніру выглядае так: першае месца – «Шуміліна», другое – «Мінск‑1», трэцяе – «Пскоў». Узнагароды юным валейбалістам уручыў старшыня раённай арганізацыі «Саюз ваенных маракоў» Віктар Прыходзька.

На цырымоніі закрыцця быў і яшчэ адзін яркі момант: бацькі шумілінскіх валейбалістаў са словамі «Дзякуем за працу, за вашы адносіны да дзяцей!» уручылі трэнеру Любові Бабовай букет кветак.

Аляксандр ШЭДЗЬКО.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *