Калі вас пераконваюць узяць крэдыт – пакладзіце трубку!
Супрацоўнікі РАУС б’юць трывогу: колькасць кіберзлачынстваў у раёне расце. Так, сёлета іх зарэгістравана 14, што на 6 больш, чым за адпаведны перыяд мінулага года.
«Сярод пацярпелых ад кіберзлачынстваў – людзі рознага ўзросту: 8 працуючых, 5 пенсіянераў і адна студэнтка. Пераважаюць жанчыны (іх 10), яны больш даверлівыя і эмацыянальныя, – кажа начальнік райад-дзела ўнутраных спраў Леанід Навіцкі. – Некаторыя з лёгкасцю паведамляюць «супрацоўніку банка» рэквізіты сваёй карткі і не задумваючыся пераводзяць «грошы сябру», які просіць пра гэта ў смс-паведамленні. Рэдка хто здагадваецца патэлефанаваць гэтаму сябру і ўдакладніць, ці на самой справе яму патрэбны грошы».
Часцей за ўсё махляры тэлефануюць на вайбер і прадстаўляюцца супрацоўнікамі праваахоўных органаў, банкаўскіх арганізацый або прадпрыемства, дзе працуе чалавек. Яны пераконваюць, што трэба ўзяць крэдыт, каб адмяніць быццам бы аформлены на яго імя другі крэдыт і перавесці грошы на спецыяльны рахунак; устанавіць праграмнае забеспячэнне быццам бы для прадухілення махлярскай атакі; перавесці накапленні на “бяспечны рахунак”; перадаць дадзеныя карткі ці код смс.
Нямала махляроў і на гандлёвых пляцоўках. Так, нядаўна дачніца з Обалі захацела набыць садовыя арэлі і перавяла адразу ўсю суму (575 рублёў) “прадаўцу”. Вядома, ні грошай, ні тавару яна не атрымала.
«Людзі, не верце махлярам! – заклікае начальнік РАУС Леанід Навіцкі. – Калі вам тэлефануе на вайбер незнаёмы і прадстаўляецца міліцыянерам ці банкаўскім работнікам – не верце! Калі вас запэўніваюць, што на ваша імя бяруць крэдыт – не верце! З такімі людзьмі лепш увогуле не размаўляць і пакласці трубку. Калі вас просяць пераходзіць па спасылках – гэта таксама падман! Нікому не паведамляйце рэквізіты банкаўскай карткі!».
Ларыса ЗАЙЦАВА.