Вучымся правільна дзейнічаць
26 верасня ў Беларусі прайшоў Адзіны дзень бяспекі.
Акцыя праводзіцца штогод з мэтай навучання правільным дзеянням ва ўмовах пажару ці ў надзвычайных сітуацыях і правілам аказання першай дапамогі да прыбыцця спецыяльных службаў (ратавальнікаў, медыкаў, міліцыі). Шэраг мерапрыемстваў прайшоў у нашым раёне.
У Шумілінскім раёне газазабеспячэння акцыя пачалася з сустрэчы працоўнага калектыву з намеснікам начальніка райаддзела па надзвычайных сітуацыях Дзмітрыем Красоўскім, які расказаў пра аператыўную абстаноўку з пажарамі ў краіне і раёне, раздаў буклеты з карыснымі парадамі ад МНС, нагадаў асноўныя правілы бяспечных паводзін на вытворчасці, у прыродным асяроддзі, жылым доме. Пасля прафілактычнай гутаркі адбылася практычная частка заняткаў. Калі спрацавала гукавая сігналізацыя, усе работнікі пакінулі адміністрацыйны будынак, адказныя асобы праверылі памяшканні і далажылі пра вынікі абследавання.
На тэрыторыі арганізацыі прайшла і адпрацоўка практычных навыкаў па тушэнні адкрытага полымя з дапамогай вогнетушыцеляў. Дзмітрый Красоўскі расказаў пра розныя тыпы вогнетушыцеляў і правілы іх карыстання.
На спецыяльным паддоне было запалена вогнішча, і работнікі раёна газазабеспячэння прадэманстравалі свае ўменні ў карыстанні вогнетушыцелям.
– З улікам спецыфікі нашай вытворчай дзейнасці падобныя заняткі праводзяцца ў нас пастаянна. Работнікі штодзень наведваюць жылы фонд грамадзян, удзельнічаюць у рабоце назіральных камісій, пры гэтым не толькі праводзяць інструктажы па правілах карыстання газам у быце і сочаць за станам і спраўнасцю газавага абсталявання, але звяртаюць увагу і на пячное ацяпленне, электраправодку, пажарную сітуацыю ў цэлым. Калі выяўляюцца парушэнні, то папярэджваем гаспадароў жылля, пішам лісты ў адпаведныя службы і органы ўлады, – расказаў галоўны інжынер Шумілінскага РГС Віктар Мацкевіч. – Вось і ў Адзіны дзень бяспекі мы не толькі правялі комплекс мерапрыемстваў у сваёй арганізацыі, але будзем працаваць на прафілактычнай тэматычнай пляцоўцы ў Шумілінскай СШ № 2.
* * *
Вялікае мерапрыемства прайшло ў Шумілінскай СШ № 2. Раённыя службы, якія ў адказе за нашу бяспеку, – райаддзел па надзвычайных сітуацыях, ЦРБ, раённая арганізацыя Таварыства ратавання на водах і раён газазабеспячэння – арганізавалі для школьнікаў інтэрактыўныя пляцоўкі-лакацыі.
Дзеці ў гульнявых інтэрактыўных формах вучыліся, як дзейнічаць пры пажары і паху газа, як дапамагчы таму, хто тоне, як аказаць першую медыцынскую дапамогу.
Пра бяспечныя правілы паводзін ім будуць нагадваць каляровыя буклеты, якія яны атрымлівалі за правільныя адказы.
Напрыканцы мерапрыемства ўсе прысутныя назіралі за работай пажарнай машыны.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ, Аляксандр ШЭДЗЬКО.