За лайкі і рэпосты трэба адказваць!
Супрацоўнікі райаддзела ўнутраных спраў выяўляюць факты здзяйснення грамадзянамі дзеянняў, якія адносяцца да экстрэмісцкай дзейнасці.
Што такое экстрэмізм? Гэта форма адмаўлення існуючых агульнапрызнаных грамадскіх нормаў і правілаў у дзяржаве з боку асобных людзей і арганізаваных груп. Маюць месца такія выпадкі і ў нашым раёне. Як расказаў начальнік РАУС Леанід Навіцкі, супрацоўнікамі РАУС сёлета выяўлена 9 выпадкаў экстрэмізму, у тым ліку 8 з іх – за распаўсюджванне незаконных матэрыялаў. Некаторыя жыхары раёна ставілі лайкі пад незаконнымі матэрыяламі ў сацыяльных сетках “аднакласнікі”, “Укантакце”. Супрацоўнікі РАУС выявілі гэта пры маніторынгах сетак. Сярод парушальнікаў – шасцёра грамадзян працаздольнага ўзросту, двое маюць групу інваліднасці, адзін – пенсіянер.
За экстрэмісцкія дзеянні ў адносінах да шасці шумілінцаў прыменены арышт (дваім – на 5 сутак, траім – на 7, аднаму – на 15). Астатнія заплацілі штраф па 600 рублёў, у іх канфіскавалі мабільныя тэлефоны як сродак здзяйснення правапарушэння.
Жыхар раёна, арыштаваны на 15 сутак, меў у інстаграм адкрытую старонку, дзе размяшчаў фотаздымкі бел-чырвона-белага сцяга, кубкаў з яго выявай, герба “Пагоня”, што забаронена законам.
«Многія апраўдваліся, што здзейснілі экстрэмісцкія парушэнні па няведанні закона, – зазначыў начальнік РАУС. – Таму хочацца нагадаць жыхарам раёна наступнае: за адмаўленне існуючых агульнапрызнаных грамадскіх нормаў і правілаў, тэрарыстычную дзейнасць, узбуджэнне сацыяльнай, расавай, нацыянальнай або рэлігійнай розні, публічныя заклікі да названых дзеянняў, а таксама распаўсюджванне, выраб, захоўванне экстрэмісцкіх матэрыялаў пагражае адміністрацыйная адказнасць.
Экстрэмісцкія матэрыялы – гэта незаконныя сімволіка і атрыбутыка, інфармацыйная прадукцыя (друкаваная, аўдыё – і іншая наглядная агітацыя, рэклама). Поўны пералік экстрэмісцкіх матэрыялаў і каналаў надрукаваны на сайце Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь http://mininform.gov.by/documents/respublikanskiy-spisokekstremistskikh-materialov/)».
За распаўсюджванне незаконнай інфармацыйнай прадукцыі, якая ўтрымлівае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці, выраб, захоўванне і распаўсюджванне такой прадукцыі пагражае штраф да 20 БВ, або грамадскія работы, або арышт з канфіскацыяй прадмета адміністрацыйнага правапарушэння. За распаўсюджванне, выраб, захоўванне, перавозку інфармацыйных матэрыялаў, якія ўключаны ў спіс экстрэмісцкай прадукцыі, пагражае штраф ад 10 да 30 БВ. За незаконныя правядзенне сходаў, мітынгаў, шэсцяў, дэманстрацый, іншых масавых мерапрыемстваў з парушэннем устаноўленага парадку пагражае штраф у памеры да 100 БВ.
Ларыса КІСЯЛЁВА.