В хозяйства Шумилинского района готовят фермы к постановке скота

Сельское хозяйство

Варта павялічыць тэмпы работы!

Надзённая задача для ўсіх сельгаспрадпрыемстваў раёна – падрыхтоўка фермаў да зімы. Як расказалі спецыялісты райсельгасхарчу, зараз актыўна вядуцца работы на ферме Маркава ААТ «Прыазёрны мір» і на ферме Паратоўка УП «Шумілінскі райаграсэрвіс».

На ферме Паратоўка мы заспелі за работай мужчын з піламі і дошкамі. Гэта памочнікі з арганізацый раёна. «Вось прыехалі у сельгаспрадпрыемства, нас даслала сюды кіраўніцтва, – расказалі старшы станочнік Дзмітрый Андрэеў і сталяр Аляксандр Міхальчанка ўчастка дрэваапрацоўкі УП ЖКГ. – Пастаўлена задача давесці бычнік да ладу.

Мы і рады дапамагчы, многае ўмеем. Устанавілі драўляныя каркасы на 22 аконныя праёмы памяшкання, якое ў мінулым годзе стаяла незапатрабаваным. Зараз вось выгінаем з ацынкоўкі канёк для даху. Будматэрыялы нам дастаўляюць своечасова». На даху фермы працавалі сталяры Юрый Федусоў і Валерый Васілеўскі, яны мянялі пашкоджаныя лісты шыферу на новыя.

У пазамінулым годзе ў гэтым памяшканні стаялі цёлкі перадзлучнога ўзросту, летась тут жывёлу не ставілі. На ферме вядуцца работы па рамонце гноетранспарцёра, зроблены ўваходныя вароты, устанаўліваюцца вокны і клеткі для жывёлы. На ферму плануюць паставіць больш за дзвесце бычкоў на дарошчванні.

КАМЕНТАРЫЙ СПЕЦЫЯЛІСТА РАЙСЕЛЬГАСХАРЧУ
Ягор ЗІМІН, галоўны спецыяліст упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама:

–  Правялі маніторынг па падрыхтоўцы ферм і рамонтна-механічных майстэрняў да зімы. Усім сельгаспрадпрыемствам варта павялічыць тэмпы работы! Неадкладна варта распачаць рамонт на ферме Спаскае СУП «Лаўжанскае», дзе пад-лога і ўваходны тамбур з дэфектамі. Тое самае можна сказаць пра ферму Лявонава-1 КУСГП «Ульскі», дзе патрабуецца немалы рамонт сцен, даху, падлогі.

Што тычыцца рамонтна-механічных майстэрняў, арачнікаў, складоў, то таксама трэба паспяшацца. Напрыклад, у КУСГП «Сіроцінскі» будынак склада ў аварыйным стане. Тут трэба або рамантаваць дах, або ўвогуле памяшканне разбіраць. У майстэрні УП «Шумілінскі райаграсэрвіс» варта тэрмінова заняцца рамонтам памяшкання. Са слоў дырэктара Аляксея Рабініна, на гэтым тыдні будуць дастаўлены аконныя праёмы, застанецца падрамантаваць дах.

Ларыса ЗАЙЦАВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *