В школу идём 3 сентября

Образование

У школу ідзём 3 верасня
На парозе новага навучальнага года вучняў і іх бацькоў вельмі цікавіць пытанне, як будзе арганізаваны навучальны працэс, калі дзеці будуць займацца, калі і колькі адпачываць. Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь распрацаваны адпаведны графік. Першым навучальным днём стане 3 верасня, апошнім – 31 мая.
Адукацыйны працэс будзе арганізаваны па чвэрцях:
Першая чвэрць – з 3 верасня 2012 г. па 31 кастрычніка 2012 г.;
Другая чвэрць – з 8 лістапада 2012 г. па 24 снежня 2012 г.;
Трэцяя чвэрць – з 9 студзеня 2013 г. па 22 сакавіка 2013 г.;
Чацвёртая чвэрць – з 1 красавіка 2013 г. па 31 мая 2013 г.
Міністэрства адукацыі паклапацілася і пра адпачынак школьнікаў, зацвердзіла графік канікулаў.
Восеньскія канікулы будуць самымі кароткімі – 7 дзён: з 1 лістапада па 7 лістапада (уключна).;
15 дзён працягнуцца зімовыя канікулы – з 25 снежня па 8 студзеня (уключна).;
Вясеннія канікулы прадоўжацца 9 дзён – з 23 сакавіка па 31 сакавіка (уключна);
Першакласнікі і вучні другіх класаў атрымаюць дадатковы тыдзень адпачынку ў лютым (трэці тыдзень месяца).
І нарэшце самыя доўгатэрміновыя і доўгачаканыя летнія канікулы пачнуцца 1 чэрвеня і будуць доўжыцца ажно да 31 жніўня – 92 дні.
Для вучняў, якія завяршылі навучанне на ІІ ступені агульнай сярэдняй адукацыі, летнія канікулы складуць 80 дзён – з 13 чэрвеня па 31 жніўня 2013 г.
“Я – грамадзянін Беларусі”
Установы адукацыі сустрэнуць 1 верасня ўрокам “Я – грамадзянін Беларусі!” Па словах намесніка міністра адукацыі Васіля Будкевіча, цяжка пераацаніць ролю і значэнне першага ўрока, які павінен даць зарад духоўнай энергіі, прыдаць мэтанакіраванасць працэсу фарміравання грамадзянскасці і патрыятызму, нацыянальнай самасвядомасці падрастаючага пакалення і стаць магутным імпульсам для арганізацыі выхаваўчай работы. У сучасных умовах дзяржаве патрэбны не толькі адукаваныя, кваліфікаваныя спецыялісты, але перш за ўсё выхаваныя, высокамаральныя людзі.
Гаворачы пра формы правядзення першага ўрока, Васіль Будкевіч адзначыў, што яны павінны быць разнастайнымі. Так, у пачатковай школе ідзе развіццё пазнавальных інтарэсаў дзіцяці і самой асобы, і на першым уроку будзе карысна правесці пазнавальныя віктарыны “Мая Радзіма”, гульні-падарожжы “Я і планета”, экскурсіі. Можна прапанаваць дзецям расказаць пра традыцыі і звычаі іх сямей, запрасіць бацькоў. Па традыцыі кожны першакласнік краіны атрымае ў падарунак кнігу “Беларусь – наша Радзіма. Падарунак Прэзідэнта Рэспублікі А. Р. Лукашэнкі”.
Па матэрыялах БЕЛТА.
Надрукавана ў №67 ад 24.08.2012 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *