Гараць лясы і тарфянікі
Цёплае і сухое надвор’е, якое склалася, прывяло да пажаранебяспечнай абстаноўкі ў прыродных экасістэмах. Па статыстыцы, з пачатку года ў прыродных экасістэмах Віцебскай вобласці здарылася 13 лясных (агульная плошча 9,978 га), 2 тарфяныя (1,2 га), 91 – травы і кустоў (8,4 га).
На тэрыторыі Шумілінскага раёна зафіксаваны два лясныя пажары і адзін тарфяны.
Па інфармацыі райаддзела па надзвычайных сітуацыях, 13 верасня ў 9.30 пры правядзенні маніторынгу пажаранебяспечных участкаў супрацоўнікі РАНС выявілі ачаговае гарэнне торфу на агульнай тэрыторыі 0,7 га ў раёне вёскі Язвіна Светласельскага сельсавета. Пажар быў ліквідаваны ў 21.30. Для ліквідацыі пажару былі задзейнічаны 3 адзінкі тэхнікі і 6 чалавек. Прычына пажару высвятляецца. Разглядаецца версія неасцярожнага абыходжання з агнём нявызначанай асобы.
Як адзначаюць шумілінскія ратавальнікі, практычна ўсе загаранні ў прыродных экасістэмах адбываюцца па прычыне неасцярожнага абыходжання з агнём (між іншым, у Шумілінскім раёне з 7 верасня ўведзена забарона на наведванне лясоў), таксама маюць месца выпадкі пажараў, якія адбыліся па прычыне парушэння правілаў бяспекі пры спальванні смецця на прыдамавой тэрыторыі.
Ратавальнікі нагадваюць, што неабходна быць асцярожнымі пры навядзенні парадку каля прыватных жылых дамоў, на дачах:
– выкідваць смецце ў спецыяльна адведзенае месца;
– калі без спальвання не абысціся, абярыце пляцоўку так, каб выключыць пажар, адлегласць да будынкаў і збуда-ванняў павінна быць бяспечнай. Паліць смецце можна толькі ў зацішнае надвор’е, полымя трэба пастаянна кантраляваць, ні ў якім разе не пакідаць без нагляду;
– не забывайце пра вогнетушыцель, ёмістасць з вадой, рыдлёўку;
– выпальванне сухой расліннасці, пажніўных рэшткаў, траў на корані катэгарычна забараняецца!
Трэба ведаць!
Згодна з артыкулам 16.41КаАП Рэспублікі Беларусь за развядзенне вогніш-чаў у забароненых месцах прадугледжа-на накладанне штрафу да 12 базавых велічынь.
За незаконнае выпальванне сухой расліннасці, траў на корані, а таксама іржышча і пажніўных рэшткаў на палях альбо непрыняцце мер па ліквідацыі палаў вінаватыя асобы прыцягваюцца да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе штрафу у памеры ад 10 да 30 базавых велічынь. У выпадку прычынення шкоды у асабліва буйным памеры наступае крымінальная адказнасць.
! Нагадваем, што ў Шумілінскім раёне з 7 верасня ўведзена забарона на наведванне лясоў!За наведванне лясоў у перыяд забароны прадугледжана адміністрацыйная адказнасць – штраф да 12 БВ, пры нанясенні ўрону лесу ці яго знішчэнні – да 30 БВ.
Падрыхтавала Алена КАРПУШЭНКА