Районная Доска почёта. Художник-оформитель районной библиотеки Инна Зенькова

2024 - Год качества Главное Культура Общество

Праца са знакам якасці. Мастак-афарміцель з багатай фантазіяй і добрым густам

Ці патрэбны ў бібліятэцы мастак? Патрэбны, і яго работа заўважаецца і адзначаецца. Да прафесійнага свята бібліятэчных работнікаў – Дня бібліятэк – нам прапанавалі напісаць пра мастака-афарміцеля цэнтральнай раённай бібліятэкі Іну Зянькову. Яе прозвішча па выніках работы за мінулы год занесена на раённую Дошку гонару.

“Работа Іны Іванаўны выйшла за межы нашай установы. Яна афармляе не толькі бібліятэчныя выставы. Не адзін год жыхары і госці раёна могуць бачыць работу нашага мастака-афарміцеля практычна на ўсіх раённых мерапрыемствах, – кажа дырэктар Цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Маргарыта Скуратава. – Да таго, яна аўтар ландшафтнага дызайну каля ўстаноў культуры, афармляе банеры, выставы і пляцоўкі”.

Іна Зянькова закончыла Віцебскае вучылішча мастацтваў (зараз – Віцебскі дзяржаўны каледж культуры і мастацтваў) па спецыяльнасці дызайн. Адпрацавала адзінаццаць гадоў мастаком-афарміцелем у раённым Доме культуры. Апошнія пяць год працуе мастаком-афарміцелем у аддзеле маркетынгу, сацыякультурнай дзейнасці і метадычнай работы  цэнтральнай раённай бібліятэкі. Спачатку займалася афармленнем бібліятэчных выстаў і мерапрыемстваў, у тым ліку і тых, што праводзіліся падчас раённых святаў, дзе заўважылі крэатыўнасць і высокі ўзровень работы мастака. “Мастак-афарміцель у бібліятэцы павінен за год выканаць 500 работ, – кажа Іна Зянькова. – Я заўжды выконваю гэты паказчык. Але цяпер работы стала значна больш”.

І гэта так. Іна Зянькова афармляе большасць раённых мерапрыемстваў. Толькі сёлета ў спісе яе работ – афармленне шумілінскага падворку на “Славянскім базары ў Віцебску”, святочныя выставы і пляцоўкі. Сама мастачка адзначае выставу “Без тэрміну даўнасці”, якую рабіла да 3 ліпеня, і афармленне ў Шумілінскім гісторыка-краязнаўчым музеі залы, прысвечанай генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Да 100-годдзя раёна яна стварыла лагатып, які стаў пераможцам конкурсу, на падставе краязнаўчага матэрыялу, сабранага бібліятэчнымі работнікамі, стварыла банер даўжынёй 36 метраў, які размешчаны ў парку 100-годдзя Шумілінскага раёна. А яшчэ яна аўтар ідэй афармлення малых архітэктурных форм з сянажных рулонаў, што стаяць уздоўж дарог у нашым раёне. Гэтыя МАФы карыстаюцца папулярнасцю ў тых, хто праязджае па шумілінскай зямлі – пра гэта сведчаць дзясяткі відэаролікаў і фотаздымкаў, размешчаных у сацыяльных сетках.

Сёння мастачка займаецца падрыхтоўкай і афармленнем пляцовак на раённага свята ўраджаю, што пройдзе ў аграгарадку Башні ў суботу, працуе над афармленнем мерапрыемства, якое пройдзе на Дзень народнага адзінства ва ўрочышчы Корна, робіць фотазону да Дня бібліятэк.

Іна Зянькова шчыра ўдзячная ўсім, хто дапамагае ўвасабляць ідэі ў жыццё, бо размаляваць буйныя формы ці змайстраваць дэкарацыю адной немагчыма.

У вольны час Іна Зянькова любіць падарожнічаць па Беларусі і Расіі, кожны год абавязкова наведвае свята “Макавей” і Блакітную крыніцу ў Слаўгародскім раёне Магілёўскай вобласці. Гэта яе малая радзіма, адкуль сям’я пераехала ў 1989 годзе на Шуміліншчыну пасля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС.

А яшчэ любіць працаваць і адпачываць на дачы, вырошчваць кветкі.

Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.

Фота Алены КАРПУШЭНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *