Адкрыта і шчыра – на важныя тэмы
Дэлегацыя Шумілінскага раёна на чале з намеснікам старшыні райвыканкама Ірынай Шалахавай стала ўдзельніцай Рэспубліканскай інфармацыйна-асветніцкай акцыі «Беларусь адзіная», якая прайшла 10 верасня ў Наваполацку і сабрала каля 600 удзельнікаў з усяго паўночнага рэгіёна.
У Палацы культуры ААТ «Нафтан» на адкрыты дыялог прысутных запрасілі палітычны аналітык Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў Аляксей Аўдонін, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, доктар гістарычных навук Вячаслаў Даніловіч і генеральны дырэктар інфармацыйнага агенцтва «Минск-Новости» старшыня праўлення Беларускага саюза журналістаў Андрэй Крывашэеў.
Адкрытая іканструктыўная размова закранула шэраг актуальных пытанняў, у ліку якіх – 30-годдзе інстытута прэзідэнцтва, беларускую мадэль развіцця, супрацьстаянне фэйкам, неабходнасць кансалідацыі беларускага грамадства, значэнне Дня народнага адзінства для беларусаў.
Намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Вячаслаў Даніловіч зрабіў акцэнт, што за гэтай датай стаіць рэальны факт уз’яднання нашага народа восенню 1939 года, падзеленага ў выніку Рыжскага мірнага дагавора 1921 года. «Гэта, безумоўна, быў акт гістарычнай справядлівасці, і мы павінны ганарыцца сілай духу нашага народа», – адзначыў ён, дадаўшы, што выстаяць бела-русам дапамог дух адзінства, і цяпер, праз дзесяцігоддзі, нашаму народу трэба захаваць гэтую згуртаванасць.
Прысутныя задавалі пытанні лектарам, атрымлівалі грунтоўныя адказы на кожную з узнятых праблем. Пасля сустрэчы яе ўдзельнікі ў фае Палаца культуры і па дарозе дадому доўга абмяркоўвалі пачутае, аналізавалі словы аўтарытэтных кампетэнтных спікераў.
Алена КАРПУШЭНКА.