Колькі ў раёне падстанцый, дзе якое напружанне – усё гэта ведае вадзіцель-электраманцёр аператыўна-выязной брыгады Шумілінскага РЭСУладзімір Ільіч ШАРАЎ.
– Нашага Ільіча ноччу разбудзі – ён раскажа і пра вузлавыя падстанцыі, і як сябе паводзіць у выпадку аварыйнай сітуацыі, – жартуюць калегі.
Уладзімір Ільіч працуе ў РЭС больш за трыццаць гадоў. Спакойны па натуры і немнагаслоўны, ён заўсёды ўважлівы і пільны ў рабоце, умее працаваць у камандзе. Падчас дзяжурнай змены выязджае па заяўках грамадзян, каб даць людзям святло. Не толькі кіруе аўтамабілем, але і працуе разам з электраманцёрам. Многаму навучыў маладзейшых калег, лічыць, што галоўнае ў іх рабоце – ахова і бяспека працы. Памылак дапускаць нельга. Лепш некалькі разоў праверыць аб’ект на бяспеку, а потым ужо прыступаць да работы.
«Галоўнае, што радуе ў рабоце – гэта карысць людзям, – кажа Уладзімір Ільіч. – Не было святла ў дамах, а мы адрамантавалі. Едзеш па асветленых вуліцах – і душа радуецца». Пасля бурана брыгадзе электраманцёраў прыходзілася працаваць не толькі змену па 12 гадзін, але і намнога больш, пакуль непаладкі не былі ліквідаваны. Бывала, праязджаў Уладзімір Шараў за змену больш як па трыста кіламетраў.
На гэтым тыдні калектыў шумілінскай падстанцыі на чале з начальнікам дыспетчарскай службы Сяргеем Міляком праводзіў Уладзіміра Шарава на заслужаны адпачынак. Гаварылі шмат цёплых удзячных слоў, было многа пажаданняў дабрабыту і здароўя, дзякавалі за плённую работу і за тое, што Уладзімір Ільіч падрыхтаваў сабе змену – у РЭС электраманцёрам працуе сын Вячаслаў.
Ларыса ЗАЙЦАВА.