«Чёрный замок». Премьера новой экранизации романа Владимира Короткевича запланирована на 12 декабря

День народного единства Культура Новости Общество

«Чорны замак». Адна з самых чакаемых кінапрэм’ер года

12 снежня 2024 года ў Беларусі і Расіі адбудзецца кінапрэм’ера мастацкага фільма “Чорны замак”.

За тры месяцы да прэм’еры ў мінскім кінатэатры “Беларусь” адбыўся прэс-паказ фільма і сустрэча здымачнай групы з журналістамі. “Мы лічым “Чорны замак” адным з самых чакаемых фільмаў 2024 года. гэта сумесны праект Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм” і расійскай кампаніі “Нью Арт Сінема Продакшн”. Прэм’ера прызначана на 12 снежня, будзе адзіны старт у Беларусі і Расіі. Спадзяемся, што фільм будзе прыняты гледачамі. Мы таксама знаходзімся напярэдадні ХХХ Мінскага міжнароднага кінафестывалю “Лістапад”. Магчыма, што гледачы ўбачаць гэты фільм у фестывальнай праграме”, – сказаў намеснік генеральнага дырэктара Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм” Павел Скалабан, адкрываючы прэс-паказ.

Фільм зняты на аснове дэтэктыўнага гістарычнага рамана вядомага беларускага пісьменніка Уладзіміра Караткевіча “Чорны замак Альшанскі”. Галоўны герой фільма малады выкладчык гісторыі і гандляр антыкварыятам Антон Касмач (акцёр Яўген Шварц) абвінавачваецца ў забойстве сябра пасля таго, як незвычайнае старажытнае Евангелле, якое належыла роду Альшанскіх, трапляе ў яго антыкварную краму. Каб выратавацца і разгадаць тайны сівой мінуўшчыны, ён адпраўляецца ў Альшаны. Паралельна развіваюцца падзеі ў мінулым, якія звязаны з сённяшнім часам.

Перад пачаткам фільма ўдзельнікі кіназдымачнай групы расказалі пра работу над праектам, адказалі на пытанні журналістаў з усіх рэгіёнаў Беларусі.
Прадзюсар і аўтар сцэнарыя Глеб Шпрыгаў расказаў, што з’яўляецца прыхільнікам творчасці Уладзіміра Караткевіча са студэнцтва і чытаў раман не менш за 10 разоў. “Гэта шматслойная гісторыя, якую вельмі складана экранізаваць, таму што шмат розных часовых пластоў. Каб змесціць усё ў двухгадзіннае кіно ад чагосьці прыходзілася адмаўляцца, але ў цэлым сутнасць рамана засталася. Я думаю, што ўважлівы глядач гэта зразумее, убачыць і ацэніць”, – заўважыў Глеб Шпрыгаў.

Кінарэжысёр-пастаноўшчык Кірыл Кузін не быў блізка знаёмы з творчасцю Уладзіміра Караткевіча. “Караткевіч пісаў для дарослых асэнсаваных людзей. Мы арыентаваліся на моладзь, таму пры напісанні сцэнарыя пайшлі ў забаўляльны бок. Чытанне кнігі займае больш часу, а кіно доўжыцца ўсяго паўтары-дзве гадзіны. За гэты час нам трэба было, з аднаго боку, захаваць тую глыбіню, якую заклаў у твор Караткевіч, з другога – стварыць карціну, пры праглядзе якой малады глядач не пачаў бы праз 20 хвілін глядзець у тэлефон. Таму выйшла такая двухгадзінная гісторыя, хаця знята было намнога боль матэрыялу. Месцамі прафесіяналам, магчыма, будзе бачна што нейкія вуглы проста зрэзаны ,але кіно – гэта заўжды кампраміс”, – адзначыў Кірыл Кузін.

“Нельга рабіць сучаснае кіно, арыентуючыся на нейкую адну аўдыторыю. Напэўна з боку маркетынгу гэта правільна, але ў нашым кіно ёсць нешта і для маладой, і для дарослай аўдыторыі”, – дадаў рэжысёр. Па яго словах, менавіта таму галоўны герой Антон Космач стаў маладым вучоным, а не саракагадовым даследчыкам, каб прыцягнуць увагу маладога гледача. Пры гэтым дарослы знойдзе ў фільме нешта сваё, а ўсе гледачы ў цэлым убачаць любоў да радзімы, пошукі сабе, перамогу ісціны над хлуснёй.

Па яго словах міжнароднае супрацоўніцтва Беларусі і Расіі атрымалася плённым. “Наколькі я ведаю, у Беларусі Караткевіча выкладаюць у школе. І ўсе беларусы, якія працавалі над карцінай, так ці інакш былі знаёмыя з творам”, – сказаў ён.

Кінарэжысёр таксама падкрэсліў, што ў фільме можна пабачыць прыгожую беларускую прыроду і архітэктуру. “Мяне правезлі па ўсёй краіне і мы выбралі цудоўныя лакацыі. Калі вы знаёмыя з архітэктурай, то будзеце здзіўляцца, таму што мы заходзім у аб’ект ў Мінску, узнімаемся па ім у Гродне, падаем з яго дзесьці ў Віцебскай вобласці, зразумець дзе мы знаходзімся немагчыма”, – дадаў Кірыл Кузін.

Мастак-пастаноўшчык Наталля Навоенка расказала, што асноўную інтэр’ерную дэкарацыю будавалі на кінастудыі “Беларусьфільм”. “Інтэр’еры Чорнага замка ствараліся рукамі нашых дэкаратараў і мастакоў па адноўленых чарцяжах і маім мастацкім бачанні. Наш асноўны нацыянальны гістарычны, культурны архітэктурны фонд дастаткова моцна пацярпеў за час усіх гістарычных падзей і войнаў, таму для аднаўлення такой глыбокай гісторыі – нават не XIX стагоддзе, а XV-XVI – неабходна ўзнімаць практычна ўсю гісторыяграфію нашай краіны”, – падкрэсліла Наталля Навоенка.
Па словах народнага артыста Расійскай Федэрацыі Віктара Вержбіцкага (суддзя Станкевіч), ужо існуючая экранізацыя заўжды накладае дадатковую адказнасць. “Мы цесна працавалі з аўтарам сцэнарыю. Ён расказваў пра гістарычныя мясціны. Я наогул люблю гістарычнае кіно, таму што ёсць пэўныя падзеі, гістарычны касцюм, якія дапамагаюць табе фантазіраваць”, – падзяліўся акцёр сваімі ўражаннямі.

“Я яшчэ не бачыў фільм і, канешне, мне страшна глядзець, што атрымалася. Часта бываюць моманты, калі арцёры застаюцца незадаволеныя вынікам. Калі ў тэатры ты можаш нешта паправіць у наступным спектаклі і роля неяк развіваецца і расце, то ў кіно трэба быць вельмі дакладным у кадыр, а на гэта заўжды не хапае часу. Табе заўжды мала рэпетыцый, хочацца, каб за сказаным тэкстам нешта стаяла. Была зроблена вялікая работа, прайшоў аб’ёмны працэс, і мы чакаем гэтую прэм’еру з асаблівым хваляваннем”, – зазначыў Віктар Вержбіцкі.

Будзем чакаць прэм’еру фільма, якая плануецца на снежань бягучага года, а з лютага 2025 года мяркуецца з’яўленне фільма на інтэрнэт-пляцоўках.

Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *