Зарабілі ўласныя грошы
Для большасці дзяцей лета – гэта перш за ўсё адпачынак. А вось для многіх вясковых хлопцаў і дзяўчат – яшчэ і работа. На сушцы сена, на падворку, ці на зернесушылцы.
Менавіта тут мы заспелі на мінулым тыдні хлопцаў і дзяўчат з аграгарадка Слабада.
Дзеці з мётламі і рыдлёўкамі ўбіралі на пляцоўцы рэшткі зерня. “Кожны год нам дапамагаюць дзеці. – расказвае загадчыца склада КУСГП “Сіроцінскі” Т. І. Лявонава. – Сёлета набралася каманда працавітых і адказных дзяцей, вельмі задаволена іхняй работай”.
На зернесушылцы ў Слабадзе працуюць восем хлопцаў і дзяўчат.”Мы яшчэ дапамагаем і на сартыроўцы азімай пшаніцы”, – пахваліўся Уладзіслаў Калеснікаў. Ён вучыцца ў Лужасне на агранома, і ўжо каторае лета працуе ў мясцовай гаспадарцы. А сёлета прывёў і сваю малодшую сястру Вольгу.
Падлеткі расказалі, што ў іх скарочаны рабочы дзень – па сем гадзін. А ўвогуле працуюць па графіку ў дзве змены. На пытанне, ці цяжка на зернесушылцы, Алена Філіповіч адказала: “Зусім не. Мы падмятаем і прыбіраем тэрыторыю. Больш цяжкая работа кладзецца на плечы хлопцаў”.
Мы пацікавіліся, колькі дзеці за дзень зарабляюць грошай. “У сярэднім па трыццаць тысяч за змену”, – падлічыла Таццяна Іванаўна. Ва ўсякім выпадку на мільён рублёў за месяц можна разлічваць. І ў дзяцей шмат планаў на гэтыя грошы. Хтосьці марыць купіць новыя красоўкі ці куртку. Аляксандр Голубеў плануе набыць дэталі да камп’ютара, а Іван Пацапнёў збірае грошы на мапед.
Лідзія РУМЯНЦАВА.
Надрукавана ў №66 ад 21.08.2012 г.