Спартакиада работников сельскохозяйственных организаций прошла в Шумилино

Главное Сельское хозяйство Спорт, туризм

Хто шчыра працуе на зямлі, той і ў спорце здатны на многае

У суботу, 7 верасня, у Шуміліне прайшла спартакіяда сярод работнікаў сельскагаспадарчых арганізацый Шумілінскага раёна на прызы Шумілінскай раённай прафсаюзнай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу.

За перамогу змагаліся 6 каманд – «Лаўжанскае», «Ляжні», «Сіроцінскі», «Ульскі», «Прыазёрны мір» і «АграБаравінка». Спартсмены ўдзельнічалі ў дзевяці відах спорту – спаборніцтвах па шашках, футзале, стральбе з пнеўматычнай зброі, дартсе, лёгкаатлетычнай эстафеце, настольным тэнісе, гіравым спорце, плаванні і перацягванні каната. Тры каманды ўзначалілі кіраўнікі прадпрыемстваў – Уладзімір Касцюкоў («Ульскі»), Мікалай Какушкін («Лаўжанскае») і Іван Карпенка («Сіроцінскі»).

Намеснік старшыні райвыканкама Ірына Шалахава ў вітальным слове адзначыла, што спартакіяда работнікаў сельскагаспадарчых прадпрыемстваў стала добрай традыцыяй і карыстаецца папулярнасцю сярод вяскоўцаў.

«Спартакіяда пад сцягам галіновага прафсаюза – яркая падзея ў жыцці нашага раёна. Яна аб’яднала аграрыяў у імкненні да здаровага ладу жыцця і спартыўных дасягненняў», – адзначыла старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Вольга Пусянкова.

Праграму спартакіяды адкрывала відовішчная лёгкаатлетычная эстафета 4х100. Спартсмены абмяркоўвалі тактыку бегу, прапаноўвалі лепшыя стратэгіі – усім хацелася стартаваць у спартакіядзе з перамогі. У выніку перамогу атрымалі лёгкаатлеты з КУСГП «Сіроцінскі», дапоўнілі прызавую тройку каманды ААТ «Ляжні» і ААТ «АграБаравінка».

 

Пасля эстафеты закруціліся спартыўныя баталіі: на стадыёне – стральба, дартс, гіравы спорт, у будынку на стадыёне – шашкі і настольны тэніс, у фізкультурна-аздараўленчым цэнтры – плаванне, у спартыўнай зале – футзал. Усюды ішла сур’ёзная ба-рацьба. У спаборніцтвах па шашках пераможцамі сталі Аліна Трубіла («Ульскі») і Леанід Кавалёў («Сіроцінскі»), у стральбе з пнеўматычнай зброі – Уладзімір Касцюкоў («Ульскі»), у гіравым спорце – Аляксандр Барсукоў («Лаўжанскае»), у дартсе – Ядвіга Сямёнава («Ульскі») і Вячаслаў Чарнецкі («Сіроцінскі»). У спаборніцтвах па футзале прызавая тройка наступная: першае месца – «Сіроцінскі», другое – «Ляжні», трэцяе – «Прыазёрны мір».

Па добрай традыцыі завяршылі спартакіяду спаборніцтвы па перацягванні каната. Заўзятары гучна падтрымлівалі свае каманды, ну а самі асілкі выкладваліся на ўсе сто. У выніку перамогу «выцягнула» «АграБаравінка», другое месца заваявалі «Ляжні», трэцяе – «Сіроцінскі».

 

 

 

Усе пераможцы і прызёры ў асобных відах спартакіяды атрымалі медалі і дыпломы, а таксама сертыфікатны ад фізкультурна-аздараўленчага цэнтра на бясплатнае наведванне трэнажорнай залы, басейна ці сауны. А вось галоўная інтрыга – хто перамог у спартакіядзе – засталася яшчэ на тыдзень: каманду-пераможцу і прызёраў спартакіяды аб’явяць на раённым свяце хлебаробаў, якое пройдзе 14 верасня ў аграгарадку Башні. У святочнай атмасферы ім уручаць кубкі.

Аляксандр ШЭДЗЬКО.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *