Криминал. Происшествия

Происшествия

Забойства
У мінулы чацвер з рэзанымі ранамі шыі і колатамі раненнямі грудной клеткі знойдзены труп вартаўніка аднаго з прадпрыемстваў Шумілінскага раёна. Загінуўшым аказаўся мясцовы жыхар 1953 года нараджэння.
На месца  злачынства прыбыла аператыўная група Шумілінскага РАУС, супрацоўнікі  крымінальнага вышуку УУС Віцебскага аблвыканкама і Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь. Праз некалькі гадзін удалося ўстанавіць патэнцыянальнага злачынцу і затрымаць яго. Ім аказаўся непаўналетні жыхар Шумілінскага раёна.
Па дадзенаму факту ўзбуджана крымінальная справа па арт. «Забойства».
Сабраў ураджай
У РАУС звярнулася жыхарка г. Віцебска – ноччу на яе агародзе, які знаходзіцца ў в. Плігаўкі, пабывалі злодзеі. Гаспадыні да слёз шкада вырашчанай гародніны, у яе ўкралі памідоры, перцы, часнок, цыбулю. Па гарачых слядах следча-аператыўнай групай асоба злачынцы была ўстаноўлена – на чужым агародзе гаспадарыў непрацуючы жыхар Сіроціна. Нарабаванае канфіскавана. Супраць вяскоўца ўзбуджана крымінальная справа.
Згарэў у лазні
З вечара гаспадар в. Мазурына прапаліў лазню. Будучы нецвярозым, уздумаў там і пераначаваць. І не паддаўся на ўгаворы родных пайсці спаць у хату. Больш таго – закрыўся ў лазні знутры. А праз некалькі гадзін лазня загарэлася. Супрацоўнікі райаддзела па надзвычайных сітуацыях, якія па выкліку прыехалі на пажар, знайшлі гаспадара ў лазні мёртвым.
Папярэдняя прычына пажару – неасцярожнае абыходжанне з агнём пры курэнні.
П’яны за рулём
На аўтадарозе Віцебск-Полацк супрацоўнікі дзяржаўтаінспекцыі затрымалі  грамадзяніна Літвы, які кіраваў грузавым аўтамабілем “Івека” ў стане алкагольнага ап’янення. На вадзіцеля складзены адміністрацыйны пратакол. Паколькі грамадзянін Літвы ствараў небяспечную абстаноўку на дарозе для іншых вадзіцеляў і пешаходаў, не захоўваў Правілы дарожнага руху, якія дзейнічаюць на тэрыторыі нашай рэспублікі, вырашаецца пытанне аб забароне ўезду гэтага грамадзяніна ў Беларусь тэрмінам на адзін год.
4 пратаколы
Узамен на патрабаванне супрацоўнікаў дзяржаўтаінспекцыі спыніцца вадзіцель ВАЗ-2101 яшчэ больш прыбавіў хуткасць. Але праз некалькі дзён парушальніка затрымалі. Гэта раней судзімы жыхар в. Баёўка, не маючы правоў кіравання, ігнараваў патрабаванні супрацоўнікаў ДАІ. На вяскоўца складзены чатыры адміністрацыйныя пратаколы: за тое, што ехаў без правоў, без страхоўкі, без тэхагляду і за тое, што не прыпыніўся на патрабаванне дзяржаўтаінспектара. Агульны штраф, які прыйдзецца заплаціць парушальніку, – больш за тры мільёны рублёў.
Навічок
Жыхар Шуміліна, вадзіцельскі стаж якога складае менш за два гады, раз’язджаў на легкавым аўтамабілі па вёсцы Ляжні. Пры гэтым ён не меў на аўто абмежавальнага знака максімальнай хуткасці, як таго патрабуюць Правілы дарожнага руху. На вадзіцеля складзены адміністрацыйны пратакол, яму пагражае штраф да 0,5 базавых велічынь.
Па матэрыялах УУС Віцебскага аблвыканкама і РАУС  падрыхтавала Людміла ЗУЙКОВА.
Надрукавана ў №66 ад 21.08.2012 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *