Как готовится к зиме жилищно-коммунальное хозяйство района и райтопсбыт

Актуалии Общество Экономика

І верасень будзе напружаным
“Рыхтуй сані летам” – так гаворыць народная мудрасць. Лета на сконе, а ці гатовы сані. Ці гатова жыллёва-камунальная гаспадарка да зімы?
“На сённяшні дзень зроблена далёка не ўсё, што запланавана. Работы па падрыхтоўцы да зімы засталося яшчэ вельмі шмат, – кажа намеснік старшыні райвыканкама А. П. Быкаў. – У першую чаргу трэба адрамантаваць дзіравыя дахі. А гэта 1350 квадратных метраў. Камунгас з раскачкі браўся за гэту работу, затое цяпер даводзіцца наганяць – працуюць і ў Шуміліне, і ў Обалі, і ў вёсках раёна”.
Не менш важная задача пры падрыхтоўцы да зімы – уцяпленне цеплатрас. Уцяпляльнік разлічаны толькі на тры гады. У жніўні трэба ўцяпліць каля 800 метраў цеплатрасы, адзначае начальнік участка цеплавых сетак УП ЖКГ Я. А. Бараноўскі. Работа вялікая. Ідзе капітальны рамонт цеплатрасы ў Обалі. З запланаваных 3, 7 кіламетра на 9 жніўня зроблена 1400 кіламетраў. “Работа ідзе туга, – адзначае А. П. Быкаў. –  З абласнога бюджэту нам выдзелена 1 мільярд 600 мільёнаў рублёў, але рэальнага фінансавання яшчэ няма. Пакуль рамонт вядзём уласнымі сіламі і за ўласныя грошы”.
Брыгада камунгасу кожны дзень працуе на рамонце цеплатрасы і ў Шуміліне. Напрыклад, нядаўна замянілі паўсотню метраў цеплатрасы ля дома № 16, што па вуліцы Ленінскай. Тут жа памянялі і больш за дзесяць метраў труб гарачага водазабеспячэння. Мяркуюць, што зімой  ад жыхароў гэтага дома не паступіць скаргаў.  Вядуцца работы па вуліцы Юбілейнай, (д. 59).  “Тут трэба замяніць 40 метраў цепла-трасы і 20 метраў труб гарачага водазабеспячэння, – удакладняе Я. А. Бараноўскі. – Ёсць праблемы і па вуліцы Ленінскай, 9.  – Ацяпляльная труба там ледзь-ледзь зіму адстаяла. Будзем там мяняць больш за 80 метраў цеплатрасы”.
Яўген Антонавіч паведаміў таксама, што спецыялісты УП ЖКГ прамылі сістэму ў трыццаці дамах у Шуміліне і на пятнаццаці прадпрыемствах і арганізацыях райцэнтра, поўнасцю справіліся з прамыўкай у Мікіцісе. На чарзе – Слабада, Мішневічы і Сураўні. У падвалах кожнай шумілінскай шматпавярхоўкі правялі рэвізію засовак, кранаў, венцеляў. Большасць цеплалічыльнікаў (а яны ўстаноўлены ў 80% шматпавярховых дамоў) знялі і адправілі на паверку ў Віцебск ці Мінск. Акрамя гэтага, прамылі батарэі ў некалькіх “праблемных” кватэрах, дзе  мінулай зімой было холадна. А ў некаторых дамах па вуліцы Юбілейнай ўвогуле гэтыя батарэі прыйшлося замяніць. У некалькіх кватэрах адрамантавалі сушылкі (ацяпляльныя батарэі ў ванным пакоі).
Вядуцца работы і па падрыхтоўцы кацельняў. Тут рамантуюць запоры, засоўкі, помпы, ацяпляльныя катлы. І калі на сваіх кацельнях загадзя ведалі праблемныя пытанні і былі гатовы з імі справіцца, то пяць школьных кацельняў (у Мішневічах, Мішкавічах, Кардоне, Язвіне і Пабедзе), якія сёлета перадалі на баланс УП ЖКГ, – гэта сапраўдны галаўны боль. Кацельні ў камунгас перадалі далёка не ў ідэальным стане, яны патрабуюць вялікага рамонту.
Ёсць праблемы ў камунгасаўцаў і па нарыхтоўцы дроў. Гэтыя работы проста замарудзілі. Але зараз, па словах дырэктара УП ЖКГ Івана  Казіміравіча Штуро, інтэнсіўна працуюць па нарыхтоўцы дроў і шчапы.
“Да 1 кастрычніка камунгасу трэба нарыхтаваць 80% дроў ад гадавога планавага задання, а гэта 14, 5 тысячы метраў кубічных,  – удакладняе А. П. Быкаў. – Пакуль выканана толькі 30% да патрэбнага. Таму працуем напружана. І жнівень, верасень будуць напружанымі ва ўсіх сэнсах гэтага слова. Але мы павінны падрыхтавацца да зімы як след”.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Дровы  нарасхват
Даўно, напэўна, такога не было, каб  летам нарасхват былі дровы ў райпаліўзбыце. Звычайна спажыўцы цягнулі да асенніх дажджоў і халадоў, а пасля спахопліваліся, даймалі званкамі. Такая заганная, скажам так, практыка была, нарэшце,  паламана, таму і не хавае задавальнення   дырэктар шумілінскага філіяла АУП “Віцебскаблпаліў” У. М. Кійко.
– Прывучылі, – гаворыць Уладзімір Мікалаевіч, – вярнулі людзям пачуццё гаспадара.  Усё-такі аказвае ўплыў анамальна халоднае надвор’е, якое пасялілася ў нас у апошнія гады. Паставілі людзям з пачатку года намнога больш паліва, чым летась. Не ў грашовым выражэнні – па аб’-ёмах паставак. І дроў, і брыкету.
Засмучае дырэктара аднак, тое, што на пляцоўцы на дзень гаворкі ляжала ўсяго 30 кубічных метраў дроў.  Не выконвае графікі па пастаўцы Шумілінскі лясгас. Раней былі спасылкі на тое, што частка рабочых была адпраўлена на Аршаншчыну, сёння знаходзяць іншыя прычына з тым, каб апраўдаць правальную сітуацыю.
Трэба адзначыць, што з пастаўкамі спажыўцам торфабрыкету праблем асаблівых няма, затое чарга на дровы ў раёне расцягнулася ажно да лістапада. Дзе ж выйсце?
– Без дроў не застанёмся, – перакананы У. М. Кійко. – Будзем сігналізаваць. Ды і свой лясгас ніколі нас не падводзіў.
Верыцца, што так яно і будзе: да сапраўдных халадоў час яшчэ ёсць.
Мікалай ЯНЧЫН.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *