На острие технического прогресса работают шумилинские связисты. В числе лучших работников — ведущий инженер Юрий Кравченко

2024 - Год качества Новости Экономика

На вастрыні тэхнічнага прагрэсу

Юрый КРАЎЧАНКА працуе вядучым інжынерам лінейных збудаванняў сувязі і абаненцкіх прылад лінейна-тэхнічнай групы Шумілінскага ўчастка электрасувязі Віцебскага занальнага вузла электрасувязі Віцебскага філіяла РУП “Белтэлекам”. Па выніках работы ў мінулым годзе прозвішча Юрыя Краўчанкі занесена на Дошку гонару Віцебскага філіяла – за ўзорнае выкананне працоўных абавязкаў, высокія дасягненні ў рабоце, плённую, добрасумленную работу.

Прафесію сувязіста Юрый Краўчанка выбраў асэнсавана. Пасля заканчэння Віцебскага каледжа сувязі пачаў працаваць электраманцёрам лінейных збудаванняў сувязі і праваднога вяшчання і прайшоў усе прыступкі кар’ернай лесвіцы да сваёй сучаснай пасады. Працаваў электраманцёрам, потым электрамеханікам. Завочна атрымаў вышэйшую адукацыю ў Вышэйшым каледжы сувязі (зараз Беларуская акадэмія сувязі). Пасля заканчэння быў прызначаны начальнікам лінейнага ўчастка, а пасля рэарганізацыі працуе на цяперашняй пасадзе.

У зоне адказнасці спецыяліста – эксплуатацыйна-тэхнічнае абслугоўванне сетак сувязі. Ён разам са сваімі падначаленымі знаходзіцца на вастрыні тэхнічнага прагрэсу, даводзіць сучасныя тэхналогіі сувязі да жыхароў нашага раёна. А развіццё тэхналогій цягне выкарыстанне і пашырэнне паслуг, якія сувязісты прапануюць насельніцтву. Зараз практычна ў кожным доме ці кватэры ёсць сучасная тэлефонная сувязь, хуткасны інтэрнэт, інтэрактыўнае тэлебачанне, прапануюцца паслугі на аснове лічбавых тэхналогій, расказаў Юрый.

“Апошнім часам папулярнасць набывае відэакантроль, які падключаюць як арганізацыі раёна, так і грамадзяне. Паслуга дазваляе ў рэжыме анлайн сачыць за маёмасцю, кантраляваць як тэрыторыю звонку, так і памяшканні ўнутры, – расказаў вядучы інжынер. – Пашырыліся паслугі сувязістаў і за кошт рыэлту – рэалізацыі шырокай лінейкі тавараў: ад электронных гаджэтаў да электрабытавых тавараў”.

Сувязіст да мозгу касцей, усё жыццё апрацаваў на адным месцы, ніколі не здраджваў прафесіі і “Белтэлекаму”, кажа пра Юрыя Краўчанку кіраўніцтва.

Але не толькі работай жыве Юрый. Разам з жонкай ён выхоўвае сына і дачку. Краўчанкі любяць праводзіць вольны час у падарожжах, адпачываць на прыродзе, рыбаліць – карацей кажучы, жыць цікава.

Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *