Людзі на балоце здабываюць торф
Прадукцыя вытворчасці па здабычы і перапрацоўцы торфу г. п. Обаль ВУ «Віцебскторф» вызначаецца высокай якасцю, сцвярджае кіраўніцтва прадпрыемства. Больш за дзесяць відаў спажыўных грунтоў разыходзяцца не толькі па нашай рэспубліцы, але ідуць і на экспарт – у Расійскую Федэрацыю, Кітай, Малдову, Германію.
Каб пабачыць на свае вочы тарфяное радовішча і пазнаёміцца з тымі, хто там працуе, карэспандэнт раённай газеты адправілася на тарфяное радовішча Сідзень. Ехаць не так блізка – ад Обалі па лясной дарозе з два дзясяткі кіламетраў. На гэтым балоце і здабываюць торф. Працэсам кіруюць майстры Аляк-сей Цяглаў і Віктар Арлюкевіч.
Калі ў мінулым годзе ў пачатку жніўня на вытворчасці па здабычы і перапрацоўцы торфу ў Обалі ўжо хваліліся, што заканчваюць работы па нарыхтоўцы сыравіны, то сёлета работы на балоце яшчэ працягваюцца. «Паскорыць работу па нарыхтоўцы сыравіны сёлета перашкаджалі дажджы, – кажа начальнік вытворча-тэхнічнага сектара ВУ «Віцебскторф» Вячаслаў Лукашонак. – Прыходзілася чакаць па некалькі дзён, пакуль балота падсохне. А летась было сухое лета, працавалі на апераджэнне. З 15 тысяч запланаваных тон нарыхтавалі ў Обалі 70%. Работы працягваем і зараз, будзем працаваць і ўвесь верасень, каб справіцца. Ёсць і запасны варыянт – некалькі штабеляў з торфам засталося з мінулага года, гэтага запасу хопіць, каб цэх кіпоўкі торфу працаваў без перабояў».
Аглядаем ўрочышча Сідзень. Яго не ахапіць вокам – 176 гекта-аў. Знаёмімся з людзьмі на балоце – мясцовымі машыністамі машын, якія працуюць непадалёк.
– З калегам Сяргеем Ціханенкам, які сёння ў ад’ездзе, працуем на машынах па ўборцы фрэзернага торфу і поўнасцю выканалі даведзены план у 1400 тон, – расказвае Сяргей Прыгун. – Наыхтоўвалі за дзень больш як па паўсотні тон. Уборка вядзецца пнеўматычным усмоктваннем. У бункер змяшчаецца да 30 метраў кубічных.
– Амаль адзінаццаць гадоў працую на «Амкадоры»-штабелёры, – кажа машыніст машын Віталь Васілевіч. – Раблю тарфяныя штабелі, якія мы паміж сабой называем “караванамі”. Зараз іх ляжыць ва ўрочышчы Сідзень з добрыя тры дзясяткі. Даўжыня аднаго штабелю каля трыццаці метраў, вышыня – 8 метраў. Калі штабель ужо сфарміраваны, яго накрываюць плёнкай, каб не было доступу паветра і торф не грэўся.
– Працую на пагрузчыку шэсць гадоў, – кажа машыніст «Амкадора» Аляксандр Захараў. – Фармірую штабелі і гружу торф у вагоны, у кожны змяшаецца па 6 тон.
Вось так, знаёмячыся з машыністамі машын, мы дазналіся амаль пра ўсю тэхналогію нарыхтоўкі торфу. За кадрам засталася толькі работа карчавальніка (карчы ідуць для рамонту дарог на балоце і для паліва), фрэзераванне (узрыхленне верхняга слоя) і работа варашылак. Тэхнікі ва ўрочышчы Сідзень хапае. Нядаўна тут з’явіўся канавакапальнік, ён замяняе тры экскаватары і выкарыстоўваецца для прачысткі асушальнай сеткі (картавых каналаў). Прадукцыйнасць канавакапальніка – каля 4 кіламетраў за 8 гадзін. На працягу года торф у вагонах па чыгунцы дастаўляецца ў обальскі цэх кіпоўкі, дзе вырабляюцца грунты розных фракцый для гародніны і садавіны.
Ларыса ЗАЙЦАВА.