«Прямую» линию с жителями района провёл заместитель председателя райисполкома А. Н. Зайцев

Актуалии Общество Президент

Пра ваду. І не толькі
Усё ж гэта стэрэатып мыслення чалавека, які скардзіцца, ці сама пазіцыя мясцовых кіраўнікоў, якія чакаюць, каб іх “падштурхнулі”, каб пазванілі зверху і паставілі задачу? Як бы ні было, а ў каторы раз на “прамую лінію” старшыні райвыканкама сыплюцца адны і тыя, дробязныя пытанні, якія  павінны рашацца на месцы. За выключэннем хіба адзінкавых праблем, завязаных на раённых структурах.
Аднак жа па парадку. Па-першае, адзначым, што старшыні райвыканкама У. П. Куранному не давялося трымаць удары “прамой лініі” – яго тэрмінова выклікалі ў вобласць, гэта давялося рабіць яго намесніку А. М. Зайцаву.  Тым не менш пытанняў было шмат і розных. Першае – з даўнім болем, яно ад чалавека, які жыве ў сваім доме па вуліцы Валадарскага ў Шуміліне і які ніяк не можа адратавацца ад вады ў падполлі. “Ніколі такога не было, хіба вясной, з талымі водамі, – скардзіцца мужчына. – Але тады вада неўзабаве знікала. Цяпер і пяском засыпаў, але ў падполлі каша. Вінаваты парыў, а не грунтовыя воды, як нехта даводзіць. Трэба шукаць…”
Трэба. І тыя паўмеры, якія прымаліся раней, чалавека не суцяшаюць. Яны надаюць яму яшчэ большай трывогі: наперадзе асеннія дажджы – а куды спарадкаваць свой ураджай: бульбу, буракі, моркву?.. Водаправоду, які  праходзіць побач, 40 гадоў, яго, напэўна,  даўно з’ела ржа.
А з вёскі Язвіна  тэлефонны званок іншага каленкору: жанчына хоча купіць на зіму парася. Ёсць комплекс у Залужжы, але там парасят у апошні час не прадаюць. “Ехаць у Віцебскі ці Гарадоцкі раён? – пытаецца жанчына. – Далёка. Добра было б, каб побач купіць”. А. М. Зайцаў звязаўся з начальнікам свінакомплеску ў Залужжы І. М. Старавойтавым. Аказваецца,  існуе чарга на парасят. Трэба спачатку запісацца, і калі набярэцца не менш як 50 ахвотнікаў – прывязуць. Іван Міхайлавіч даў тэлефоны і нават свой мабільны. Пра “парасячую” праблему раённая газета пісала не раз, ёсць адказ на падобнае пытанне і ў сённяшнім нумары.
А вось праблема вады ў падвале. Верхаводкі, пасля дажджоў. Вінавата дзірка ў адмостцы, праз якую вада трапляе ў падвал. Трэба засыпаць вымоіну – друзам, бітай цэглай. Скардзіўся мужчына, які жыве па вуліцы 70 год БССР у доме № 4 на тое, што пяты год працякае  ў падвале венцель, а замяняць яго камунгас не спяшаецца.
Ёсць у мужчыны прэтэнзіі і па кантролю за выкананнем заявак праз дыспетчара.
У жыхароў завулка Тарфяны свой боль, які можа прыйсці зімой. Трывожна за тое, што лютымі маразамі  скуе да самага мая водаправод, які забяспечвае людзей вадой. “Недзе пасля новага года замерз, а ў нас пральная машына, – скардзіцца жанчына. – Водаправоду 17 гадоў. Няўжо паржавелі трубы? Трэба разбірацца. Яшчэ адну зіму з такой праблемай не перажывём”.
У вёсцы Цаўі Лаўжанскага сельсавета пяцёра пчалаводаў, рамяством займаюцца не першы год. Месяцы два ці тры назад адзін з іх тэлефанаваў на “прамую лінію” старшыні райвыканкама У. П. Куранному. Званок быў – як просьба пчаляроў, каб у выпадку прымянення хімікатаў мясцовай гаспадаркай іх папярэджвалі і праводзілі хімізацыю згодна з інструкцыямі. Тады Уладзімір Пятровіч заручыўся  такімі абяцаннямі. Аднак праблема “ўсплыла”. “Хімічылі” палетак не за 300 метраў ад пасек, як трэба, а ўсяго за 157. Уносілі гліфасады і  “падкасілі” пчоласем’і. Мужчына, які званіў, адным пытаннем не абмежаваўся. Ён  трымае карову, здае нямала малака дзяржаве. Яму прывезлі з ААТ “Лаўжанскае” сена. “Гэта не сена – буралом, – сцвярджае жыхар в. Цаўі. – Такога сена мне не трэба”. Выказаў неўразуменне мужчына, чаму даводзіцца яму ўдвая больш плаціць за збожжа, якое пасля дасушкі прадае акцыянернае таварыства, чым плаціць член гэтага таварыства. Прагучала пытанне прышчэпак каровам ад аваднёў. “Не праводзяць іх”, –  сцвярджае мужчына. Галоўны ветурач раёна І. У. Галуза сцвярджае: праводзяць, аднак не бясплатна, і цана за паслугу  – мізер.
Жыхароў мікрараёна МСО  трывожаць тры вялікія бярозы, якія бурамі так гайдае, што робіцца страшна за жыллё. Дарогай да могілак ля былой вёскі Замашанскае Дворышча, што за в. Крупчына, устурбавана  жанчына з вуліцы Садовая ў Шуміліне (“Хаця б да вясны зрабілі, да святаў”, – просіць жанчына). Намеснік старшыні райвыканкама А. М. Зайцаў зараз жа звязваецца са старшынёй Светласельскага сельвыканкама В. В. Шчарбаковым. Віктар Вікенцьевіч бярэ праблему, як кажуць, на аловак. Па тратуару, што ўздоўж дарогі па вуліцы Сіпко за чыгункай, задала пытанне жанчына з вуліцы Суворава. Пытанне надзённае: нямала людзей ходзіць на работу  – і з лясгасу, і з хлебазавода, і аўтабазы.  Будзе  тратуар, але не так хутка, як хацелася б. Патрэбны сродкі. А вось  магазін “за лініяй”, пра які прасіла жанчына, па ўсім відаць, калі і з’явіцца, то з цягам вялікага прамежку часу. Ёсць магазін, ад Полацкага ХПП.
Званок з КУСГП “Ульскі”. Жанчына, якая працуе дзённым вартаўніком, атрымала за месяц 311 тысяч рублёў. Абяцалі зарплату 1 мільён рублёў, загадчыца фермы падала ў бухгалтэрыю табель на 23 дні па 8 гадзін кожны, а аплацілі за 4 гадзіны і то не за ўсе 23 дні. А. М. Зайцаў звязаўся з дырэктарам прадпрыемства Ю. А. Савіцкім. Праблема вывучаецца.
Апошні блок пытанняў – вада ў кааператыўным доме па вуліцы Суворава, д. 3. “Вада смярдзючая,   нават пасля гатавання яна нясмачная”, – сцвярджаюць дзве жанчыны, якія патэлефанавалі на “прамую лінію”.  Дырэктар УП ЖКГ І. К. Штуро  сказаў, што ў доме памянялі фільтр. Тым не менш вада па-ранейшаму ржавая, нясмачная. Чаму, будуць высвятляць.
Мікалай МАРОЗ.
Надрукавана ў №64 ад 14.08.2012 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *