Секретами выращивания арбузов на шумилинской земле делится житель Оболи

Мир увлечений Общество

Кавуноў хапіць на ўсіх!

Сяргей Смольскі – ветэран Міністэрства ўнутраных спраў. Раней працаваў у Наваполацку ў крымінальным вышуку, цяпер пераехаў у Обаль, на жончыну радзіму, займаецца агародніцтвам. Яго гордасць – гэта кавуны, пад якія адведзены ладны ўчастак на агародзе.

Сяргей Смольскі гасцінна запрашае прайсці на ўчастак за домам, дзе вырошчвае гародніну і садавіну. Адразу звяртаеш увагу на кавуны, якія раскінуліся на градках. На бахчы мы налічылі больш за дваццаць «шарыкаў». Цёмна-зялёныя і паласатыя, яны тут адчуваюць сябе паўнацэннымі гаспадарамі. І толькі Сяргею Уладзіміравічу вядома, колькі сіл і энергіі прыйшлося прыкласці для іх вырошчвання.

«Да нядаўняга часу лічылася, што вырошчваць кавуны ў Беларусі не мае сэнсу, але сёння выведзена мноства хуткаспелых сартоў, для якіх дастаткова нават нашага кароткага лета, – кажа Сяргей Смольскі. – У мяне растуць «Цукровы малы», «Падарунак Поўначы», «Раманза», «Астраханскі». Асабліва падабаецца «Агеньчык», які вырастае больш за тры кілаграмы».

Мы папрасілі гаспадара падзяліцца з нашымі чытачамі сакрэтамі вырошчвання. Сяргей Уладзіміравіч расказаў, што рыхтуе градку з восені: у выкапаны равок кладзе кампост, зверху пасыпае курыным гноем. Прарошчанае ў анучы насенне ў пачатку мая высаджвае разам з жонкай Таццянай Рыгораўнай у шкляначкі. «Калі расліна пусціць тры лісты – можна перасаджаваць у градку (раблю гэта ў сярэдзіне мая, калі глеба добра прагрэлася). Але градка незвычайная, не такая, як для іншай гародніны, – удакладняе Сяргей Смольскі. – Яе накрываю чорным спанбондам. На мятровай адлегласці праразаю дзіркі і высаджваю туды кавуны. Зверху ўстанаўліваю дугі, каб прыкрываць градку, калі тэмпература апускаецца ніжэй, чым плюс дзесяць градусаў. Усё ж кавун – расліна паўднёвая, яна любіць цяпло. Раблю падкормку для кавуноў: у вялікую ёмістасць складваю крапіву, іншую траву, каравяк і заліваю вадой. Перыядычна падсілкоўваю кавуны гэтым настоям. І яны растуць!».

Смольскія вырошчваюць кавуны чатыры гады запар. Сёлетні год самы ўраджайны – у сярэдзіне жніўня на стале ўжо быў першы кавун. Смакаваць іх ёсць каму: прыязджаюць дзве дачкі, двое унукаў, родная сястра Сяргея і яе дзеці. Кавуноў хапае на ўсіх!

Ларыса ЗАЙЦАВА.

САКРЭТЫ ВЫРОШЧВАННЯ КАВУНОЎ АД СЯРГЕЯ СМОЛЬСКАГА:

Глебу выбірайце з нейтральнай кіслотнасцю, грунтовыя воды павінны залягаць на глыбіні больш за адзін метр –– кавуны не любяць залішняй вільгаці.
Для кавуноў лепш выбраць участак, дзе раслі зерневыя, бабовыя, шматгадовыя травы, цыбуля або капуста.
Каб стабільна атрымліваць ураджай, трэба кожны год разбіваць бахчу на новым месцы.
Паліваць кавуны трэба нячаста – раз на тыдзень.
Як толькі завяжуцца адзін-два плады, усе астатнія завязі трэба выдаліць, бо расліна не ў сілах іх “выкарміць”.
Пра спеласць кавуноў сведчаць глухія гукі пры ўдары па пладах.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *