Кукурузу – на сілас
СУП «Лаўжанскае» адным з першых справілася з уборкай зерневых і зернебабовых. І першым сярод гаспадарак Шумілінскага раёна прыступіла да ўборкі кукурузы.
На мінулым тыдні мы пабывалі на палетках ля Латкова, дзе працаваў Уладзімір Мазанкоў(на здымку)на кормаўборачным камбайне «Ягуар». Дзве адзінкі такой тэхнікі ёсць на сённяшні дзень толькі ў «Лаўжанскім». «У 2000 годзе прыганяў новенькі “Ягуар” з Фаніпаля, што на Міншчыне, у райаграсэрвіс, дзе тады працаваў, – расказаў Уладзімір Мазанкоў. – На такой жа тэхніцы працую і ў “Лаўжанскім”, так што за плячыма добрыя дваццаць гадоў работы на “Ягуары”. Пры добрым надвор’і і ўраджаі можна ўбраць да 20 гектараў палеткаў за дзень».
Уладзімір Мазанкоў зрэзаў і здрабніў кукурузу на палетках ля Залужжа – ля жывёлагадоўчага комплексу ўжо заклалі адну сіласную траншэю. Цяпер працуе ва ўрочышчы Басейн. Здробненую сіласную масу адвозяць Дзмітрый Касьянаў, Ан-дрэй Аўсянкін, Ігар Барысевіч.
«Усяго ў гаспадарцы трэба ўбраць на сілас 981 гектар кукурузы, – кажа дырэктар СУП “Лаўжанскае” Мікалай Какушкін. – Прыступілі да ўборкі адразу пасля заканчэння жніва. Ураджайнасць сярэдняя – да 200 цэнтнераў з гектара. Стараемся ўправіцца хутчэй, да сезону дажджоў і маразоў. На днях адрамантуем яшчэ адзін “Ягуар”, так што работа будзе спорыцца ў два разы хутчэй».
Ларыса ЗАЙЦАВА