Шумілінцы дапамагаюць гамяльчанам змагацца з ветраваламі. Карэспандэнт раённай газеты пераадолеў 500 кіламетраў, каб зрабіць фотарэпартаж з месца падзеі
13-14 ліпеня непагадзь прайшлася па паўднёвай Беларусі. Стыхія на Гомельшчыне тады разгулялася не на жарт. Вынікам яе разгулу стала ў тым ліку і пашкоджанне лясных масіваў – пацярпела каля 15 тысяч гектараў. Работнікі лясгасаў рэспублікі адразу прыйшлі на дапамогу калегам: на распрацоўку ветравальна-бураломных лесасек былі накіраваны спецыялісты і тэхніка. Падключыўся і Шумілінскі лясгас.
«З 17 ліпеня нашы работнікі дапамагаюць Хальчанскаму лясніцтву Жлобінскага лясгаса, – расказаў дырэктар Шумілінскага лясгаса Віталь Судакоў. – На Гомельшчыне працуюць 15-20 лесаводаў. На распрацоўцы ветравальна-бураломных лесасек задзейнічана тэхніка нашага прадпрыемства: тры харвестары, тры трактары з прычэпамі, сартыментавоз і дзве машыны для падвозу людзей».
На мінулым тыдні карэспандэнт раённай газеты разам з намеснікам кіраўніка арганізацыі па ідэалагічнай рабоце Людмілай Доктаравай і начальнікам бюро па ахове працы Шумілінскага лясгаса Святланай Лявонавай накіраваліся ў Жлобінскі раён, каб на свае вочы пабачыць як працуюць і ў якіх умовах жывуць работнікі з Шуміліна.
Трымаем курс на вёскі Чацвярня і Скапня, менавіта ў лясах каля гэтых вёсак і працуюць шумілінцы. Найперш сустракаемся з машыністам тралёвачнай (лесанарыхтоўчай) машыны Юрыем Лук’янавым. Юрый Васільевіч – чалавек у лясгасе вопытны, мае працоўны стаж больш за 20 год. У мінулым ён дапамагаў змагацца з наступствамі стыхій у Чэрвеньскім і Крычаўскім раёнах. Таму, як сам прызнаецца, тут, на Жлобіншчыне, яму не прыйшлося прывыкаць.
«Звычайная работа, – адзначыў мужчына. – Так, месцамі вельмі цяжка прыходзіцца, бо дрэвы пакручаны, вывернуты».
Пад абед сустракаемся з прадстаўнікамі Казьянскага лясніцтва – памочнікам ляснічага Віктарам Сікорскім, леснікамі Аляксандрам Папалавым і Пятром Мартынавым, вадзіцелем Вадзімам Яфімавым. Яны праводзяць адвод плошчаў для высечкі. На паляну мужчыны выйшлі ў поўнай амуніцыі: у ботах, касцюмах і з сеткамі на галовах. Пабачыўшы карэспандэнта раённай газеты, нехта пажартаваў: «Для нашай шумілінскай газеты і 500 кіламетраў не адлегласць. Нас і тут знайшлі».
Мужчыны расказалі, што лес тут вельмі цяжкі: месцамі не ведаюць нават як прайсці. Работы тут шмат.
Пакуль пераапраналіся, перайшлі на гутарку пра іх жыццё ў камандзіроўцы. «Умовы жыцця, можна сказаць, ідэальныя, – расказалі лесаводы. – Пражываем у гасцінічным комплексе. Абеды смачныя, прывозяць прама ў лес (абеды, кошт якіх 11-13 рублёў, для работнікаў бясплатныя, іх аплачвае прадпрыемства, – аўт.). Вось і фатаграфуйце нас, пакуль абедаем».
Падчас абеду сустрэліся і з трактарыстам Мішневіцкага лясніцтва Віктарам Зубаравым, які падвозіць драўніну з лесасек на прамежкавы склад. Віктар Анатольевіч прыехаў на Жлобіншчыну адным з першых, 21 ліпеня. Пару раз з’ездзіў на выхадныя дамоў. «Ужо прызвычаіліся да гомельскіх лясоў, – адзначае ён. – Стыхія нарабіла тут бяды. Месцамі не лес, а чы-стае поле. За дзень раблю да 14 рэйсаў, перавожу да 100 кубаметраў драўніны».
Адзінае, на што паскардзіся мужчыны, – гэта спякота. Падчас нашага прыезду тэрмометр паказваў +36 градусаў. «Сёння яшчэ халаднавата, – усміхнуўся Віктар Анатольевіч. – Звычайна тут за 40 градусаў».
А вось машыніст тралёвачнай машыны Павел Барысоўскі зусім нядаўна прыехаў на Гомельшчыну. «Працуем напружана, – адзначыў мужчына. – Будзем дапамагаць жлобінскім калегам, каб як мага хутчэй справіцца з наступствамі стыхіі». З пачатку работ на Гомельшчыне Шумілінскі лясгас правёў высечкі на плошчы 23,2 га Хальчанскага лясніцтва, нарыхтавана 5100 метраў кубічных драўніны. Дарэчы, уся нарыхтаваная драўніна ідзе ў планавы залік Шумілінскаму лясгасу. Сярод пакупнікоў ёсць такое буйное
прадпрыемства, як Светлагорскі цэлюлозна-кардонны камбінат.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.